БЕЛ Ł РУС

Беларусам прапануюць аформіць кантракт на «СВА» — абяцаюць «лёгкую службу»

24.12.2025 / 20:31

Nashaniva.com

Рэсурс «доброволец-центр.рф» шукае добраахвотнікаў для ўдзелу ў так званым «СВА», у тым ліку сярод беларусаў. На сайце пазначана больш за 100 гарадоў Беларусі, сярод іх — Гродна, Ліда і Навагрудак, заўважыў Hrodna Life.

Анлайн-рэсурс, па якім гродзенцаў набіраюць у добраахвотнікі «СВА». Скрыншот Hrodna.life з сайта доброволец-центр.рф

Атрымаюць участак і статус «ветэрана»

Перад афармленнем заяўкі на сайце пералічваюць «перавагі» падпісання кантракта. Удзельнікам абяцаюць зямельны ўчастак памерам 10 сотак коштам 1 мільён расійскіх рублёў (37 тысяч беларускіх), 1,5 мільёна расійскіх рублёў (55,5 тысяч беларускіх) пры заключэнні кантракта, а таксама статус «ветэрана баявых дзеянняў і ўсе льготы». У якой з краін будуць выдаваць участкі, на сайце не тлумачаць.

Таксама ўдзельнікам абяцаюць крэдытныя і падатковыя канікулы, бюджэтныя месцы для навучання дзяцей у ВНУ і кампенсацыю 50% пры аплаце жыроўкі.

Заробак байца «ў зоне СВА» — ад 210 тысяч расійскіх рублёў (7,7 тысячы беларускіх), аднак перыядычнасць выплат на сайце не пазначаная.

У FAQ сайта адзначаюць, што кантракт могуць падпісваць і не грамадзяне Расіі — у такім выпадку ім аформяць грамадзянства на працягу двух тыдняў.

Удзельнікам абяцаюць аплаціць дарогу да месца службы, даць жыллё і харчаванне, а таксама выдаць «дадатковую амуніцыю» пры паступленні на службу.

Возьмуць з судзімасцю і без дакументаў

Пры адсутнасці дакументаў іх адновяць, калі ёсць «праблемы з законам — вырашаць». Гатовыя разглядаць заяўкі ад кандыдатаў, узрост якіх не перавышае 64 гады.

Для складання заяўкі патрабуюць толькі прозвішча, імя і нумар мабільнага тэлефона.

Патэнцыйным удзельнікам «СВА» прапануюць «зрабіць выбар на карысць стабільнасці».

Для беларусаў зрабілі мануал трапляння ў зону ваенных дзеянняў

На сайце размешчаная інструкцыя для беларусаў, як трапіць на «СВА». Для гэтага трэба запоўніць форму і абраць вакансію. Затым — прайсці сумоўе, на якім абмяркоўваюць дэталі: «тэрміны, задачы і асаблівасці службы». Фінальны этап — падпісанне кантракта добраахвотніка, які афіцыйна замацоўвае ўдзел беларуса ў «СВА».

Чытайце таксама:

Наёмніка што быў ва ўкраінскім палоне, вярнулі ў Расію, а затым асудзілі ў Беларусі не менш чым на 10 гадоў

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода

Больш за палову беларусаў з новага спісу, якія ваююць за Расію, маюць судзімасці

Украіна ў межах абмену з Расіяй перадала яшчэ аднаго палоннага беларуса. Раней пра яго палон не паведамлялася

Аліментшчык і рабочы з адміністратыўкай за п'янства. Стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія ваююць за «рускі свет»

55‑гадовы гвалтаўнік з-пад Гродна шмат што паспеў за ліпень 2024‑га — і падпісаць кантракт з арміяй Расіі, і загінуць

Каментары да артыкула