БЕЛ Ł РУС

У Чавусах тэсціруюць першую ў Беларусі сістэму аўтаматычнай абвесткі пра пешаходаў на зебры

24.12.2025 / 15:55

Nashaniva.com

У Беларусі пачалося выпрабаванне айчыннай «разумнай» зебры. Пілотны праект рэалізаваны на ўездзе ў Чавусы (Магілёўская вобласць). Пра тое, як працуе новая тэхналогія, выданню «На стражы» распавёў падпалкоўнік міліцыі Уладзіслаў Бардзілоўскі.

Галоўная асаблівасць айчыннай распрацоўкі — здольнасць у рэальным часе распазнаваць набліжэнне чалавека і імгненна ствараць яго максімальную бачнасць, кажа Бардзілоўскі.

З надыходам цемры сістэма пераходзіць у дзяжурны рэжым, слаба асвятляючы зону зебры. Аднак як толькі датчыкі руху фіксуюць пешахода, запускаецца апавяшчэнне: уключаюцца дадатковыя магутныя пражэктары, пачынае мігаць жоўтае святло і загараецца табло «Увага, пешаход!». Сістэма падае гукавы сігнал і працягвае інтэнсіўнае асвятленне яшчэ 30 секунд пасля таго, як чалавек перасек праезную частку.

Выбар менавіта гэтага месца для тэсціравання абумоўлены павелічэннем патоку грузавога транспарту пасля рэканструкцыі трасы.

Калі эксперымент у Чавусах прызнаюць паспяховым, такія «разумныя» пераходы з'явяцца на асноўных магістралях краіны, у прыватнасці на хуткасных трасах М4 Мінск — Магілёў і М5 Мінск — Гомель, дзе рызыка наездаў у цемры з-за вялікай хуткасці машын застаецца высокай, кажа Бардзілоўскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула