У Беларусі прадаюць «бандыцкую» BMW 1990 года выпуску за шалёныя грошы. Пішуць, што аўто з Японіі
За амаль 35 гадоў машына праехала ўсяго 52 тысячы кіламетраў.
Фота: av.by
Прадавец запэўнівае, што аўтамабіль знаходзіцца ў музейным стане, у цалкам заводскім выкананні і мае рэдкі колер Vulkan-Grau.
Просяць за 35‑гадовую BMW 5‑й серыі ў кузаве E34 31 900 даляраў.
Фота: скрыншот з сайта av.by
У аб’яве пазначана, што машына ўсяго месяц таму прыехала да нас з Японіі, а прабег у 52 тысячы арыгінальны, і нібыта ёсць усе дакументы, якія могуць яго пацвердзіць.
Праверка аўто па ўказаным VIN-нумары паказвае, што ён сапраўды належыць гэтаму аўто і што з канвеера гэтая BMW сышла 1 кастрычніка 1990 года. Нягледзячы на тое, што ў Японіі левабаковы рух, руль у гэтай BMW з завода стаіць з левага боку, што для Японіі хоць і рэдкасць, але не такая ўжо і вялікая.
Фота: av.by
Праверка нумара кузава прыводзіць на сайт латвійскай кампаніі, якая спецыялізуецца на імпарце янгтаймераў і класічных аўто з Японіі. Машына там знаходзіцца ў базе ўжо прададзеных аўто.
Фота: скрыншот з сайта youngtimercar.eu
На сайце латвійскага прадаўца ёсць фоты гэтай BMW, па якіх відаць, што машына сапраўды знаходзілася ў Японіі, і фоты, якія, па ўсёй бачнасці, былі зробленыя ўжо ў Латвіі.
Фота гэтай машыны ў Японіі. Фота: youngtimercar.eu
На момант продажу ў гэтай краіне прабег аўто складаў 49 730 кіламетраў. Таму атрымліваецца, што з Японіі машына спачатку трапіла ў Латвію, а адтуль ужо ў Беларусь. Дата мытнага афармлення ў Беларусі — 4 лістапада 2025 года.
Той факт, што гэта сапраўды той самы аўтамабіль, пацвярджае фота з аб’явы на av.by, дзе бачныя паднумарныя рамкі з сайтам латвійскага прадаўца і сляды ад налепкі «535i», якую ў Беларусі вырашылі прыбраць, бо гэта ўсё ж версія 525i з 2,5‑літровым бензінавым рухавіком пад капотам, а не з 3,5 літра.
Левы здымак з аб'явы на av.by, правы — з сайта youngtimercar.eu
Што да камплектацыі, то гэта даволі шараговая версія для BMW 5‑й серыі тых гадоў выпуску. Што да стану, то аўтамабіль для свайго ўзросту выглядае сапраўды вельмі добра.
Фота: av.by
Наколькі такая цана апраўданая — пытанне складанае, але з апісання ў аб’яве выглядае, што прадавец у тым ліку разлічвае на пакупнікоў з Расіі. «Размытнена + зроблены электронны пашпарт на Расію» — гаворыцца ў апісанні.
BMW 5‑й серыі E34 выпускалася з 1988 па 1996 год, за гэты час было выпушчана 1 333 412 аўто ў кузавах седан і ўніверсал.
На постсавецкай прасторы гэтая мадэль атрымала расшыфроўку БМВ як «Баявая Машына Вымагальнікаў» праз папулярнасць «пяцёркі» ў крымінальных колах. Пазней менавіта E34 часцяком выкарыстоўвалі ў фільмах пра бандыцкія 90-я, тыпу «Жмурак» Аляксея Балабанава.