Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, якога завочна асудзіла і шукае Украіна, наведаў Беларусь
«Адчуў эстэтычны шок».
Алег Цароў на борце «Белавія» Фота: сацсеткі Царова
Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, які перайшоў на бок Расіі і адшукваецца Украінай, наведаў Беларусь, заўважыў «Позірк».
Мяркуючы па фотаздымках і паведамленнях Царова ў сацсетках, увечары 20 снежня ён выехаў цягніком Масква — Мінск і ўвечары 23 снежня вылецеў назад рэйсам «Белавія». Магчыма, жыў у пяцізоркавым «Прэзідэнт-гатэлі»: двойчы завочна асуджаны ўкраінскім судом палітык сфатаграфаваўся з афіцыянткай гэтай гасцініцы.
«Адчуў эстэтычны шок. Еду ў савецкім купэ, дзе ўсё новае і ўсё працуе. Чатыры кнопкі рэгулявання яркасці святла. Працуе вентыляцыя, рычаг пераключэння не адламаны і сапраўды рэгулюе паток паветра — праверыў. Радыё, разетка, індыкацыя занятасці туалета», — апісаў Цароў свае ўражанні ад паездкі на цягніку.
«Дарэчы, у Беларусі (у рускамоўным арыгінале «в Белоруссии». — «Позірк».) спакойна грузіцца YouTube, прымаюцца званкі па What’s App і Telegram. Грузяцца наўпрост сайты замежных СМІ. На фоне абмежаванняў ва ўсім свеце проста аазіс дэмакратыі», — падзяліўся радасцю калабарант, які жыве, паводле звестак украінскіх СМІ, пераважна ў анексаваным Расіяй Крыме. Улады РФ абмяжоўваюць альбо блакуюць доступ да тых ці іншых месенджараў у рамках барацьбы з іншадумствам і ўкраінскімі дронамі. Пры гэтым Цароў не згадаў, што беларускія ўлады таксама блакуюць доступ да непажаданага для іх кантэнту.
Цароў не паведаміў, ці праводзіў у Беларусі якія-небудзь сустрэчы.
Вясной 2022 года ён быў завочна прыгавораны ўкраінскім судом да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў публічных закліках да змены дзяржаўнай мяжы Украіны і гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу.
Увосень 2024 года былы дэпутат ВР завочна атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў фінансаванні ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны. У даход дзяржавы канфіскавана яго маёмасць больш чым на 460 млн грывень (каля 11 млн даляраў). Пры гэтым асноўная частка маёмасці знаходзіцца ў анексаваным Расіяй Крыме (санаторый і музей, ацэненыя ў 456 млн грывень) і дэ-факта пакуль не можа быць канфіскаваная.
У кастрычніку 2023 года ў Крыме на Царова быў здзейснены замах.