БЕЛ Ł РУС

У Беларусь не далі завезці вялікую партыю ікры

23.12.2025 / 16:58

Nashaniva.com

Рассельгаснагляд не дазволіў увезці ў Беларусь буйную партыю ікры і іншых морапрадуктаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Фота: 32.fsvps.gov.ru

З канца лістапада да 22 снежня супрацоўнікі Рассельгаснагляду сумесна са Смаленскай мытняй праверылі пяць аўтамабіляў, якія перавозілі ікру і морапрадукты агульнай вагой больш за 400 кілаграмаў. Усе машыны раней былі затрыманыя па дарозе ў Беларусь — яны спрабавалі аб’ехаць афіцыйныя ветэрынарныя кантрольныя пункты.

Падчас праверак высветлілася, што перавозчыкі, якімі аказаліся грамадзяне Беларусі, не мелі абавязковых ветэрынарных дакументаў. Гэтыя паперы павінны пацвярджаць паходжанне прадукцыі, а таксама яе якасць і бяспеку. Акрамя таго, у электроннай сістэме «Меркурый» таксама не было звестак пра афармленне адпаведных дакументаў.

Фота: 32.fsvps.gov.ru

У ведамстве адзначылі, што прадукты транспартаваліся з парушэннямі санітарных нормаў: у багажніках і грузавых адсеках аўтамабіляў, не прыстасаваных для перавозкі харчавання, без захавання неабходнага тэмпературнага рэжыму.

У выніку больш за 250 кілаграмаў ікры, а таксама мідыі, печань трэскі, ракі і іншыя морапрадукты былі вернутыя адпраўнікам. Вінаватых у парушэннях прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Чытайце таксама:

Трампу з Расіі перадалі скрыню чырвонай ікры

Як беларус ператварыў старую школу ў ферму крэветак

Менш мяса і рыбы. Як змяніліся прадуктовыя пакупкі беларусаў за год

Каментары да артыкула