БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка зноў заявіў, што пасінелымі пальцамі за ўладу не трымаецца, але і заўтра не сыдзе

23.12.2025 / 13:38

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка пры прызначэнні новых кіраўнікоў Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта паставіў задачу і надалей не дапускаць ніякіх спроб рэвалюцыйнай барацьбы супраць яго рэжыму. 

Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP

«І аднаго, і другога датычыцца: ніякіх намераў у плане рэвалюцыйнай барацьбы супраць існуючага дзяржаўнага ладу. Для гэтага ёсць выбары. Трэба ісці на выбары і вырашаць гэтыя праблемы. Вось тут у Беларусі ёсць усё. Тым больш што цяперашні прэзідэнт, як я часта гавару, не трымаецца пасінелымі пальцамі за ўладу», — зноў заявіў ён. 

«Я — чалавек адыходзячы. Хаця многія за гэта ўхапіліся: «Ах, сыходзіць!..» Хто перажывае, хто радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы ўсё гэта кінем, я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы ці другі год працуе прэзідэнтам. Гэта значыць, што я буду свята выконваць правы і інтарэсы нашых людзей. Вы ў гэтым плане павінны працаваць», — сказаў Лукашэнка, які 31 год трымае ўладу. 

Упершыню пра пасінелыя пальцы, якімі ён не трымаецца за ўладу, Лукашэнка сказаў у 2019 годзе: «Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адрынуць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду».

Нягледзячы на прайграныя, па даных незалежных назіральнікаў, выбары і масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый і гвалту, Лукашэнка з дапамогаю сілавкоў, рэпрэсій і Расіі ўзурпіраваў уладу. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула