Францыя пачынае будаўніцтва новага атамнага авіяносца. Гэта будзе найбуйнейшы вайсковы карабель Еўропы
Францыя пачынае амбіцыйны праект па стварэнні атамнага авіяносца новага пакалення. Гіганцкі карабель зможа несці 30 знішчальнікаў і забяспечыць аўтаномную працу для двух тысяч членаў экіпажа, стаўшы самым вялікім вайсковым суднам, калі-небудзь пабудаваным у Еўропе.
Атамнае судна даўжынёй 310 метраў і шырынёй 85 метраў павінна змясціць 30 баявых самалётаў і 2000 чальцоў экіпажа. Будаўніцтва будзе каштаваць да 10 мільярдаў еўра. Увод карабля ў эксплуатацыю запланаваны на 2038 год, паведаміла міністарка абароны Катрын Ватрэн, піша BILD.
«У часы агрэсараў мы павінны быць моцнымі, каб нас баяліся. Я вырашыў узброіць Францыю новым авіяносцам», — цытуюць французскія СМІ прэзідэнта Эманюэля Макрона.
На гэты момант у Францыі ёсць толькі адзін атамны авіяносец — «Шарль дэ Голь», пабудаваны ў 2001 годзе. Ён амаль удвая меншы за новы карабель.
Акрамя Францыі, атамныя авіяносцы маюць толькі ЗША. Атамная ўстаноўка дазваляе караблям знаходзіцца ў моры гадамі без дазапраўкі, што робіць іх сапраўднымі «плавучымі аэрадромамі», здольнымі дзейнічаць у любой мясціне свету.