«Востраў чысціні» адкрываюць пад новай назвай
Кампанія «АйландГруп», якой належыць сетка «Востраў чысціні і смаку», правяла рэбрэндынг і адкрывае новыя крамы пад гандлёвай маркай «Востраў», паведамляе Belretail.
Новы стыль гандлёвай сеткі выкананы ў чорна-жоўтай каляровай гаме. Цэнтральным элементам новага лагатыпа стала івалга — птушка, якая жыве ў Беларусі і сімвалізуе надзейнасць і імкненне да развіцця. У кампаніі заявілі, што івалга — гэта не проста вобраз, а адлюстраванне філасофіі брэнда: пастаянны рух наперад, адаптацыя да змен і імкненне да поспеху.
Змяняецца і фармат крам. Сетка паступова пераходзіць да канцэпцыі ultra-convenience, гэта значыць да фармату невялікіх крам, у якіх зручна здзяйсняць штодзённыя пакупкі каля дома, перакусіць на месцы, як у кавярні, але коштам крамы, а таксама знайсці тавары для прыгажосці і догляду сябе.
У асартыменце крам «Востраў»: бытавая хімія, прадукты харчавання, гігіенічныя сродкі, тавары для інтэр’еру, кулінарныя тавары. Пры гэтым пашыраецца наяўнасць тавараў беларускіх вытворцаў.
У Беларусі сетка налічвае 55 крам, з якіх восем працуюць у Мінску.
Летась уладальнікі сеткі крам «Востраў чысціні» сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі і знаходзіліся ў працэдуры банкруцтва. У кастрычніку 2024 года крамы пад брэндам «Востраў чысціні і смаку» зноў адкрыліся пасля таго, як іх выкупіла кампанія «АйландГруп». У ліпені ў кампаніі паведамлялі, што сетка знаходзіцца на завяршальным этапе рэбрэндынгу.