Пад Слуцкам будуюць сакрэтны вайсковы завод — збіраюцца рабіць 240 тысяч снарадаў штогод для патрэб Расіі
На сакрэтны аб’екце пад шыфрам «Участак», які будуецца ў Слуцкім раёне, збіраюцца наладзіць серыйную вытворчасць боепрыпасаў поўнага цыкла. «Белпол» расказвае, што пра гэта вядома.
Беларуская мадыфікацыя БМ-21Б «БелГрад-2». Фота: Wikimedia Commons
Хто за гэтым стаіць
Паводле звестак, якія атрымаў «Белпол», сакрэтны аб’ект на тэрыторыі Слуцкага раёна будуюць праз спецыяльна створаную юрыдычную асобу — ЗАТ «Завод корпусных вырабаў» (ЗКВ).
Як стала вядома з атрыманых дакументаў, заснавальнікамі прадпрыемства выступілі два дзяржаўныя гіганты: ААТ «Волатаўта» і «Завод дакладнай электрамеханікі».
Хоць Аляксандр Лукашэнка падпісаў сакрэтнае распараджэнне №181 аб стварэнні гэтага аб’екта ў лістападзе 2023 года, актыўная падрыхтоўка, закупка ліній і замежныя камандзіроўкі пачаліся як мінімум за паўгода да афіцыйнага загаду. Адміністрацыя завода, каб пазбегнуць небяспекі, размясцілася ў цэнтры Мінска на вуліцы Захарава, 76, а кіраваць працэсам быў прызначаны Дзмітрый Караткевіч, былы намеснік дырэктара «Волатаўта». Канец будаўніцтва запланаваны на снежань 2026 года.
Скрын відэа: osbbelpol / YuTube
Што вядома пра месца будоўлі
Месца для будучага завода абралі каля вёсак Паўлаўка і Шышчыцы ў Слуцкім раёне. У 1996 годзе на тэрыторыі Цэнтра ўтылізацыі элементаў ракет, які ў той час там знаходзіўся, адбыўся пажар, у выніку якога здэтанавала звыш 1200 умоўных вагонаў боепрыпасаў.
Паводле даных «Белпола», нават праз дзесяцігоддзі гэтая зямля застаецца небяспечнай. Падчас выкарчоўвання пнёў і зняцця грунта будаўнікі працягваюць знаходзіць боепрыпасы, якія не разарваліся, дзясяткамі, што моцна тармозіць працы. Сапёры Міністэрства абароны праводзяць толькі паверхневую ачыстку глебы на глыбіню да 30 сантыметраў, у той час як неразарваныя снарады знаходзяцца значна глыбей.
Гэта ўжо прывяло да засакрэчаных інцыдэнтаў. У пачатку снежня пры загрузцы адходаў бетону ў драбнільную машыну адбыўся выбух боепрыпасу і ўзгаранне самой драбнільнай машыны, што ледзь не каштавала жыццяў будаўнікам.
240 тысяч снарадаў штогод для патрэб Расіі
Згодна з тэхнічнай дакументацыяй, да якой атрымалі доступ расследвальнікі, аб’ект разлічаны на 50 гадоў працы. Яго асноўная задача — начынка снарадаў выбухоўкай і іх зборка.
На пачатковым этапе завод павінен выпускаць 120 тысяч рэактыўных снарадаў для сістэм «Град» (калібр 122 мм) і 120 тысяч артылерыйскіх стрэлаў калібра 152 мм у год. Расследвальнікі звяртаюць увагу на тое, што адзіным заказчыкам гэтай прадукцыі з’яўляецца Расія.
Скрын відэа: osbbelpol / YuTube
Згодна з атрыманымі дакументамі, расійскае акцыянернае таварыства «Технодинамика» забяспечвае аб’ект лініяй для парцыйнага прэсавання артылерыйскіх снарадаў і галаўных частак ракет для сістэм «Град».
У сваю чаргу, 20 снежня 2023 года «Завод дакладнай электрамеханікі» заключыў дамову з кітайскай кампаніяй China National Electronics Import & Export Corporation на пастаўку лініі па снаражэнні галаўной часткі рэактыўнага снарада калібра 122 мм.
Дадаткова да працэсу прыцягнута кітайская кампанія ALIT (Aerospace Long-March International Trade), якая адказвае за тэхналагічнае навучанне беларускага персаналу.
Паводле планаў, першае абсталяванне павінна быць дастаўлена на аб’ект да красавіка 2026 года, а беларускія інжынеры ўжо праходзяць навучанне на аналагічных вытворчасцях у Кітаі і Расіі.
Хто яшчэ ўдзельнічае ў праекце
Аднак самай вострай праблемай застаецца адсутнасць уласнай хімічнай сыравіны. Крытычная залежнасць ад імпарту вымушае шукаць пастаўшчыкоў трацілу і гексагену ў Іране і Пакістане. Мінск спрабуе дамовіцца аб перадачы тэхналогій вытворчасці «поўнага цыкла», каб стварыць аўтаномную базу выбуховых рэчываў у Беларусі.
Перад Міністэрствам прамысловасці і Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам пастаўлена задача тэрмінова асвоіць тэхналогіі вытворчасці выбухоўкі і пораху на тэрыторыі Беларусі. Да гэтай працы прыцягнуты канцэрны «Беллесбумпрам», «Белнафтахім» і «Беллегпрам». Асаблівая роля адводзіцца Аршанскаму ільнокамбінату, які павінен наладзіць вытворчасць цэлюлознай сыравіны для далейшага вырабу пораху.
Для навуковага суправаджэння праекта прыцягнуты спецыялісты Інстытута хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ).
Непасрэдна ў БДТУ адкрыта новая спецыяльнасць — «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў». Яна ўключае два профільныя напрамкі: «тэхналогія порахаў, цвёрдых ракетных паліваў і вырабаў» і «тэхналогія выбуховых рэчываў і вырабаў». У 2025 годзе адбыўся першы набор студэнтаў.
Скрын відэа: osbbelpol / YuTube
Паводле звестак «Белпол», Мінскі падшыпнікавы завод ужо пачаў рыхтаваць карпусы снарадаў калібра 152 мм, Маладзечанскі завод парашковай металургіі наладжвае выпуск узрывальнікаў да рэактыўных снарадаў, а заводы «БМЗ», «БелАЗ» і «Легмаш» задзейнічаны ў пастаўках механічных камплектуючых.
Расследаванне паказала, што ў праект уключана нават пенітэнцыярная сістэма: у папраўчых калоніях арганізавана вытворчасць драўляных скрынь для транспартавання гатовых боепрыпасаў.