БЕЛ Ł РУС

Рутэ: Што б ні адбывалася ў Расіі, мы не павінны быць наіўнымі

21.12.2025 / 17:0

Nashaniva.com

Цяперашні час — самы небяспечны для Еўропы з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны. Пра гэта заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ ў вялікім інтэрв'ю Bild.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: Liesa Johannssen/Pool Photo via AP

 Вось некалькі галоўных цытат з гэтай размовы.

Пра магчымасць нападу Расіі на краіны НАТА

«Мы павінны зрабіць дзве рэчы. Па-першае, павялічыць абаронныя выдаткі і нарасціць вытворчасць. А па-другое, забяспечыць, каб Украіна ў барацьбе заставалася як мага больш моцнай. Таму што, калі б Расія атрымала кантроль над усёй Украінай, гэта мела б каласальныя наступствы для НАТА. Нам прыйшлося б траціць значна больш, чым тое, пра што мы дамовіліся ў Гаазе».

Пра тое, чаму не атрымліваецца скончыць вайну

«Прычына — Пуцін. Ён гатовы ахвяраваць 1,1 мільёна сваіх уласных людзей. І ў гэтым годзе ён дамогся толькі вельмі невялікіх поспехаў: мінімальных тэрытарыяльных набыткаў, менш за 1% украінскай тэрыторыі ў параўнанні з пачаткам года. І за гэта, паводле нашых ацэнак, з расійскага боку былі забітыя або параненыя да 1,1 мільёна чалавек. Гэта жахліва. Але такая рэальнасць, з якой мы маем справу».

Пра гарантыі бяспекі Украіне

«Мы павінны дамагчыся таго, каб Украіна пасля спынення агню або мірнага пагаднення больш ніколі не падвяргалася нападу. Пуцін павінен зразумець, што паўторны напад быў бы для яго разбуральным».

Пра магчымую адпраўку замежных войскаў ва Украіну

«Я магу сказаць наступнае: некаторыя еўрапейскія краіны далі зразумець, што пры неабходнасці яны былі б гатовыя ўдзельнічаць [у такой місіі] з войскамі. У цяперашні час прапрацоўваецца, як менавіта павінна быць уладкавана гэтая кааліцыя ахвотных».

Пра ўдзел Дональда Трампа ў перамовах

«Трамп абсалютна ўцягнуты ў гэтае пытанне. Ён засяроджаны на тым, каб скончыць гэтую вайну. Ён адзіны, хто змог пасадзіць Пуціна за стол перамоў, і адзіны, хто ў выніку можа прымусіць яго заключыць мір. За гэта я выказваю яму вялікую павагу».

Пра Уладзіміра Пуціна

«Некаторыя кажуць: «Калі не Пуцін, можа прыйсці нехта яшчэ горшы». Я магу сказаць толькі адно: што б ні адбывалася ў Расіі, мы не павінны быць наіўнымі. Мы мірны, абарончы альянс. Але мы таксама бачым глабальную звязку паміж Кітаем і Расіяй. Кітай глядзіць на Тайвань. І я перакананы: калі Кітай там прыменіць ваенную сілу, ён падштурхне свайго малодшага партнёра — Расію пад кіраўніцтвам Пуціна — да таго, каб адцягнуць увагу нас тут, у Еўропе. Таму мы павінны быць гатовыя».

Чытайце таксама:

Рутэ: Мы наступная цэль Расіі, і мы павінны быць гатовыя да вайны маштабаў той, якую перажылі нашы бабулі і дзядулі

ЗША абяцаюць павялічыць пастаўкі зброі Украіне, але настойваюць на «самаабароне Еўропы» ўжо да 2027 года

Рутэ з іроніяй пракаментаваў грозныя заявы Пуціна

Каментары да артыкула