Прэм’ерныя паказы спектакля «Ладдзя роспачы» пройдуць у РТБД з 27 да 30 снежня
Прэм’ерныя паказы спектакля «Ладдзя роспачы», прысвечаныя 95‑годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, пройдуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 27, 28 і 30 снежня, піша БЕЛТА.
Рэжысёрка Святлана Навуменка звяртаецца да аднаго з самых загадкавых і філасофскіх твораў аўтара. Сцэна ператворыцца ў метафарычную прастору, дзе праз музыку, пластыку і візуальныя вобразы даследуецца ўнутраны свет чалавека, які апынуўся на мяжы паміж быццём і вечнасцю.
Сапраўднай асновай і натхненнем спектакля сталі словы самога Караткевіча: «Ладдзя роспачы» — па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларусу, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не саступіць у барацьбе за іх».
«Прэм’ерныя паказы спектакля «Ладдзя роспачы» — гэта больш, чым тэатральная падзея. Гэта інтэлектуальнае, эмацыйнае і сэнсавае падарожжа, запрашэнне да супольнага пошуку адказаў на пытанні, якія хвалююць кожнага. Прыходзьце, каб разам з РТБД зазірнуць у люстра чалавечага лёсу і, магчыма, знайсці там уласныя адлюстраванні, тэатральныя скарбы і каштоўныя асэнсаванні», — падкрэслілі ў тэатры.