Расіяне перайшлі мяжу і прымусова вывезлі з Сумскай вобласці больш за 50 цывільных асоб, найстарэйшай жанчыне 89 гадоў
Ва УСУ пацвердзілі інфармацыю СМІ, што расійскія войскі перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны каля вёскі Грабоўскае ў Сумскай вобласці і вывезлі адтуль больш за 50 цывільных грамадзян.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення камунікацый УСУ Дзмітрый Ліхавій у каментары «Украінскай праўдзе» паведаміў, што ў выніку наступу праціўніка Сілы абароны адышлі з некалькіх пазіцый у раёне Грабоўскага.
Расіянамі з населенага пункта былі прымусова вывезены на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі больш за 50 цывільных грамадзян Украіны. У асноўным гэта мужчыны і жанчыны старэйшага ўзросту, адной з іх 89 гадоў. Амаль усе яны раней адмаўляліся эвакуавацца ўглыб тэрыторыі Украіны, падкрэсліў Ліхавій.
Вайскоўцы заклікалі жыхароў прымежных тэрыторый эвакуавацца. Сумскія ўлады ўжо арганізавалі гэты працэс — эвакуявана больш за 30 тысяч чалавек, яшчэ амаль 5700 чалавек (з іх 38 дзяцей) адмовіліся ехаць, дадаў афіцэр.
Са звестак выдання Кардон.Медыя, у ноч на 20 снежня на Краснапольшчыне Сумскай вобласці расійскія войскі зайшлі ў памежнае сяло Грабоўскае, размешчанае непасрэдна на лініі мяжы.
Са звестак «УП» у вайсковых колах, спробы штурму на адцінку мяжы Сумшчыны ў раёне Грабоўскага працягваюцца некалькі дзён.