БЕЛ Ł РУС

Сапраўдная зіма пачне прыходзіць ужо на гэтым тыдні

20.12.2025 / 17:33

Nashaniva.com

Сіноптык Дзмітрый Рабаў паведаміў, што сапраўдная зіма ў Беларусь усё ж прыйдзе. Паводле яго слоў, ужо на наступным тыдні, з 22 па 28 снежня, надвор’е пачне паступова змяняцца: тэмпература ў большасці рэгіёнаў устойліва пяройдзе ў мінус, а ападкі будуць пераважна ў выглядзе снегу, што прывядзе да фарміравання снегавога покрыва.

Здымак ілюстрацыйны. Фота са старонкі блогера Дзяніса Блішча

У пачатку тыдня яшчэ захаваецца воблачнае надвор’е з дажджамі і мокрым снегам, месцамі магчымыя туманы, галалёд і слізкія дарогі. У панядзелак ноччу чакаецца ад -3 да +2°C, днём — да +4°C. У аўторак тэмпература будзе вагацца ад -2 да +3°C.

З сярэдзіны тыдня істотных ападкаў не прагназуецца, але ўначы і раніцай месцамі з’явяцца туман і галалёдзіца. У сераду ноччу слупок тэрмометра апусціцца да -7°C, а днём у розных рэгіёнах будзе ад -1 да -8°C.

На Каляды, 25 снежня, маразы ўзмоцняцца: уначы тэмпература складзе ад -5 да -11°C, удзень — ад -2 да -8°C. У пятніцу стане крыху цяплей, але ўсё яшчэ з мінусавымі значэннямі.

У выхадныя месцамі магчымыя кароткачасовыя ападкі, туман і слізкія дарогі. Ноччу тэмпература можа апускацца да -10°C, удзень трымацца ў межах -3…-6°C. У нядзелю паветра прагрэецца не вышэй за -5°C.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула