Літоўская паліцыя бярэ на сябе ахову Святланы Ціханоўскай
Гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні.
Фота: Jakub Porzycki NurPhoto via Getty Images
Супрацоўнікі літоўскай паліцыі бяруць на сябе ахову беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, пацвердзіў агенцтву BNS прэс-сакратар Дэпартамента паліцыі Рамунас Матоніс.
«Магу пацвердзіць, што паліцыя бярэ на сябе ахову Ціханоўскай», — паведаміў агенцтву BNS Рамунас Матоніс.
Пра намер знізіць узровень бяспекі Ціханоўскай і яе працоўнага месца было абвешчана яшчэ ў кастрычніку.
Раней эксперты меркавалі, што змены ў сістэме бяспекі азначаюць, што дом і офіс Ціханоўскай застаюцца пад абаронай, але лідарка беларускай апазіцыі губляе асабістую ахову ў Літве і за мяжой. Рамуніс Матоніс заявіў, што інфармацыя пра рэжым яе аховы не будзе абнародаваная.
Прыхільнікі рашэння сцвярджаюць, што змяненне ўзроўню абароны Ціханоўскай звязана са змяншэннем пагроз для яе і тэхнічнымі прычынамі.
Крытыкі падазраюць, што гэтае рашэнне мела палітычны характар і было накіравана на задавальненне тых, хто лічыць, што Святлане Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, надаецца празмерная ўвага і што на яе ахову выдаткоўваецца занадта шмат рэсурсаў. На іх думку, такое рашэнне прыніжае статус лідара апазіцыі.
Пасля змянення ўзроўню абароны Святлана Ціханоўская можа пераехаць жыць і працаваць у Польшчу.
Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі тады заявіў, што канчатковае рашэнне аб забеспячэнні аховы ў Літве яшчэ не прынята.