ЗША прыпыняе розыгрыш грын-картаў
Прычына — стральба ў Браўнаўскім універсітэце.
Фота: Pamela Smith / AP
Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм паведаміла аб прыпыненні праграмы DV1, «каб гарантаваць, што ніводзін амерыканец больш не пацерпіць ад гэтай катастрафічнай праграмы».
«Стралок з Браўнаўскага ўніверсітэта Клаўдыа Мануэл Невес Валентэ ўехаў у ЗША па іміграцыйнай візе ў межах праграмы латарэі разнастайнасці (DV1) у 2017 годзе і атрымаў грын-карту. Гэтаму жахліваму чалавеку ніколі не варта было дазваляць уезд у нашу краіну.
У 2017 годзе прэзідэнт Трамп дамагаўся спынення гэтай праграмы пасля разбуральнага наезду грузавіка ў Нью-Ёрку, здзейсненага тэрарыстам ІДІЛ, які ўехаў у краіну па праграме DV1 і забіў восем чалавек», — напісала Крысці Ноэм.
У суботу, 13 снежня, у кампусе Браўнаўскага ўніверсітэта ў Провідэнсе мужчына адкрыў агонь па студэнтах падчас падрыхтоўкі да экзаменаў. Загінулі двое, яшчэ дзевяць атрымалі раненні.
18 снежня было знойдзена цела стралка — 48‑гадовага Клаўдыа Мануэла Невеса Валентэ. Яго таксама звязваюць з забойствам прафесара Масачусецкага тэхналагічнага інстытута.
Латарэяй грын-карт штогод разыгрываецца каля 50 тысяч іміграцыйных віз (DV1). Пераможцы латарэі могуць уехаць у ЗША і атрымаць пластыкавую грын-карту. Большая частка тых, хто ўехаў, застаюцца ў ЗША і потым атрымліваюць грамадзянства.