Даўгабуд Шакуціна каля Драздоў будзе дабудоўваць Мінгарвыканкам
Комплекс «Шантэр Хіл» у Мінску каля Драздоў плануюць адкрыць у 2027 годзе. Гэты даўгабуд перадалі для заканчэння работ Упраўленню капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, піша Realt.by.
Фота: Realt.by
17 снежня адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска правяла нараду, прысвечаную праблемам незавершанага будаўніцтва. Паводле агучанай інфармацыі, на працягу двух гадоў у раёне плануюць увесці ў эксплуатацыю 11 аб’ектаў, з якіх пяць ужо здадзеныя.
Сярод тых, што застаюцца, — шматфункцыянальны комплекс «Шантэр Хіл» у раёне праспекта Пераможцаў і завулка Вяснінка. Яго ўзводзяць яшчэ з 2016 года. Будынак выглядае амаль гатовым, але даводзіць праект да завяршэння будзе Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама.
Фота: Realt.by
Будаўніцтва комплекса побач з вадасховішчам Дразды і «Мінск-Арэнай» пачалося дзевяць гадоў таму. Першапачаткова задумваўся буйны гатэльна-дзелавы цэнтр плошчай каля 140 тысяч квадратных метраў. У праект уваходзілі 25‑павярховы гатэль, чатыры офісныя высокія будынкі, шматузроўневы спартыўны комплекс з крытымі тэніснымі кортамі, трэнажорнай залай, басейнамі, SPA-зонай, рэстаранам і падземнай аўтастаянкай.
Фота: Realt.by
Спачатку праект рэалізоўвала беларуская кампанія «Інтэрсэрвіс», якая належала бізнэсмену Аляксандру Шакуціну — уладальніку холдынгу «Амкадор». Генеральным падрадчыкам была кітайская кампанія CITIC Construction. Комплекс планавалі адкрыць у чэрвені 2019 года і нават заяўлялі, што работы могуць скончыць раней, але тэрміны былі сарваныя.
У 2018 годзе змяніўся заказчык будаўніцтва — ім стала кампанія «Наванэп», якая таксама належала Шакуціну. Пазней з’явілася інфармацыя, што ад ідэі гатэля могуць адмовіцца і зрабіць стаўку пераважна на офісныя памяшканні. Інвестыцыйную дамову падоўжылі да канца 2023 года, аднак комплекс так і не адкрыўся, хоць ужо некалькі гадоў выглядае амаль завершаным.
Падчас апошняга пасяджэння адміністрацыі Цэнтральнага раёна было заяўлена, што «Шантэр Хіл» плануюць выключыць са спісу даўгабудаў у 2027 годзе. Аб’ект перадалі ў гаспадарчае вядзенне КУП «УКБ Мінгарвыканкама», якое і будзе займацца яго завяршэннем.
Усяго ў Цэнтральным раёне на 2025—2027 гады запланавана дапрацаваць 11 праблемных аб’ектаў. Большасць з іх павінны здаць ужо ў 2025 годзе, пяць аб’ектаў уведзеныя ў эксплуатацыю. Сярод іх — інжынерна-транспартная інфраструктура па праектаванай вуліцы № 28, мастацка-прыкладныя майстэрні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра і першая чарга шматфункцыянальнага гатэльнага комплексу ў раёне вуліц Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і ракі Свіслач.
У 2026 годзе УКБ плануе заняцца рэканструкцыяй наяўнага будынка на Будслаўскай, 29 з узвядзеннем прыбудовы сэрвіснага цэнтра.
Чытайце таксама:
У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў
Лукашэнка нацыяналізаваў «Амкадор». Шакуцін стаў простым беларускім пенсіянерам