Унучкі Лукашэнкі паспяхова замацаваліся ў Расіі
Аляксандр Лукашэнка часта асуджае беларусаў, якая пасылаюць дзяцей за мяжу. Пры гэтым Настасся, дачка сярэдняга сына Лукашэнкі, Дзмітрыя, паступіла ў магістратуру ў Маскве, а Дар'я, другая, — тамсама ў «Праекце MAX». Вось што яшчэ вядома.
Злева направа: Настасся і Дар'я Лукашэнкі. Фота з іх сацсетак
Настассі Лукашэнка цяпер 22 гады.
Яна забрала дакументы з Ліцэя БДУ на фоне пратэстаў 2020 года, калі была ў 11 класе.
Настасся давучвалася ў прыватнай Мінскай міжнароднай гімназіі ў Драздах, якую звязваюць з Ірынай Абельскай. Далей было паступленне ў прэстыжны маскоўскі ўніверсітэт.
У 2025 Настасся Лукашэнка выпусцілася з юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучылася на кафедры канстытуцыйнага і муніцыпальнага права. Тэмай яе дыпломнай працы стала «Канстытуцыйна-прававы статус замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Расійскай Федэрацыі».
Настасся Лукашэнка выпускаецца з універсітэта. Фота з яе сацсетак
Унучка Лукашэнкі працягвае вучыцца. Яе ўжо залічылі на першы курс магістратуры юрфака МДУ ў групу ІІ-11.
Акрамя вучобы, Наста ўдзельнічае ў навуковых спаборніцтвах. У 2025 годзе яна стала прызёрам заключнага тура ўніверсіяды «Ламаносаў» па практычнай юрыспрудэнцыі. У секцыі «Інтэлектуальныя правы, штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі» яна набрала 90 балаў — гэта адзін з самых высокіх вынікаў сярод удзельнікаў.
Малодшай сястры Настассі, Дар'і Лукашэнка, нядаўна споўніўся 21 год. Яна таксама ў 2020‑м забрала дакументы з Ліцэя БДУ і таксама перайшла ў «сямейную» Мінскую міжнародную гімназію. Цяпер Дар'я вучыцца на эканамічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта на кафедры кіравання арганізацыямі і плануе атрымаць дыплом у 2026 годзе.
Дар'я Лукашэнка. Фота: sputnik.by
Дзяўчына спалучае вучобу з працай у вучэбна-навуковай лабараторыі «Праект МАХ». Яна створаная для паляпшэння ведаў студэнтаў-менеджараў. Лабараторыя пазіцыянуе сябе як элітны кар'ерны ліфт для студэнтаў кірунку «Менеджмент». Студэнтаў там вучаць праз рашэнне задач ад буйных карпарацый.
У сакавіку 2025 года Дар'я стала пераможцай міжнароднай універсіяды «Прыняцце бізнэс-рашэнняў у міжнародным асяроддзі» (International Business Case Competition), арганізаванай буйной кампаніяй AB InBev Efes.
Таксама Дар'я адзначылася на навуковай канферэнцыі «Ламаносаў-2025», дзе яе даклад «Развіццё поглядаў на праектны менеджмент у другой палове ХХ стагоддзя» заняў трэцяе месца ў секцыі «Эканоміка».
Дар'я Лукашэнка ў кавярні Special у цэнтры Масквы. Фота з сацсетак
Сёстры перыядычна свецяцца на розных імпрэзах, асабліва — на канікулах. Напрыклад, у ліпені 2024 Дар'я разам з сям'ёй хадзіла на прэзентацыю альбома Вікторыі Алешкі. Была там і Настасся, якая ў той год валанцёрыла на «Славянскім базары», але фатаграфацца з Алешкай і сям'ёй не стала.
Дар'я Лукашэнка (крайняя злева) з маці Ганнай Сялук (у цэнтры з кветкамі). Фота: vitbichi.by
У снежні 2024‑га Дар'я разам з бацькамі раздавала калядныя падарункі дзецям у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў Ашмянах. Настассі не было.
А 4 студзеня 2025 года Настасся і Дар'я былі на першым канцэрце ўнутры адной з шахтаў Салігорска. Яны сядзелі ў адным з першых шэрагаў, але не свяціліся.
Дар'я і Настасся Лукашэнкі злева направа ў першым шэрагу. Фота: «Мінская праўда»
Унучкі Лукашэнкі жывуць і вучацца за межамі краіны. Падобна, што бываюць дома яны часцей на канікулах.
Чытайце таксама:
Віктар Лукашэнка ўзнагародзіў Дзмітрыя Лукашэнку
Унучка Лукашэнкі вучыцца ў Расіі на юрфаку МДУ. Вось што пра гэта вядома
Як Дзмітрый Лукашэнка хацеў падарыць Ганне Сялук песню на дзень народзінаў