БЕЛ Ł РУС

Дачка міністра Маркава абвінаваціла Павука ў планаванні серыі тэлефонных тэрарыстычных атак падчас УНС

16.12.2025 / 23:47

Nashaniva.com

На тэлеканале АНТ выйшаў рэпартаж, дзе дачка міністра інфармацыі Марата Маркава, сілавікі і памежная служба расказваюць пра затрыманне «чарговага экстрэміста», які на замову блогера Андрэя Павука хацеў зладзіць у Беларусі цэлую серыю ілжывых званкоў пра мінаванне школ і шпіталяў. Усё для таго, каб «пасеяць паніку сярод насельніцтва падчас УНС» (Усебеларускага народнага сходу). У каментары «Нашай Ніве» Павук усё адмаўляе: «Там нават не мой голас, можа штучным інтэлектам зрабілі?».

Настасся Маркава, дачка міністра інфармацыі Марата Маркава і вядоўца АНТ. Скрыншот: відэа ont.by

У рэпартажы вядоўцы Настассі Маркавай паказалі кадры з затрыманнем Сяргея К., які з 9 снежня спрабаваў купіць шмат беларускіх сім-картак і актываваць іх. Расказваецца, што мужчына настолькі страціў надзею, што раскідаў кліч пра пошукі сімак ва ўсіх магчымых памежных і эмігранцкіх публічных чатах, а актываваць адну з сімак спрабаваў у краме пры заставе Лідскага памежнага атрада.

На яго ж, расказвае вядоўца, адразу звярнулі ўвагу сілавікі, але вырашылі не затрымліваць адразу, а ўзяць «у шчыльную распрацоўку». Так яны выйшлі на ўсю «камбінацыю дэструктыўных сіл», а менавіта — на Андрэя Павука.

Сімкі беларускіх аператараў Сяргей К. чамусьці шукаў у памежных і эмігранцкіх чатах. Скрыншоты: відэа АНТ

У сюжэце дэманструюць кадры з допыту няўдалага тэлефоннага тэрарыста. Праўда, яго твар не паказваюць. Гледачам паведамляюць толькі тое, што раней ён быў асуджаны за махлярства і ўдзел у пратэстах.

Сяргей К. на допыце. Скрыншот: відэа АНТ

Сцвярджаецца, што Сяргей К. па заданні Андрэя Павука павінен быў за ўзнагароджанне арганізаваць цэлую «ферму фіктыўных абанентаў». Для гэтага ён у тым ліку дамовіўся на «Куфары» пра набыццё сім-бокса.

Скрыншот: відэа АНТ

Галоўная ж мэта, сцвярджаюць на АНТ, — дэстабілізаваць краіну падчас правядзення УНС, рассылаючы фэйкавыя паведамленні пра мінаванне школ, лякарняў і іншых дзяржаўных аб’ектаў. Вядоўца кажа, такім чынам Павук хацеў загладзіць віну перад літоўцамі за прадэманстраваную раней непавагу да літоўскай мовы і наогул ці не заказ гэта літоўскіх спецслужбаў.

Андрэй Павук: «Крызіс жанру, няма чым іншым людзей палохаць» 

Андрэй Павук. Фота: фэйсбук.

У сюжэце таксама дэманструецца нібыта перапіска Андрэя Павука з Сяргеем К. Уся яна — набор з галасавых паведамленняў, частку з якіх пускаюць у эфіры.

У размове з «Нашай Нівай» блогер адразу адрэзаў: «Там нават не мой голас. Можа, штучны інтэлект?»

Блогер дадаў, што для званкоў у Беларусь чыноўнікам і іншым асобам, якія ён запісвае і выкладае на сваім ютуб-канале, яму дастаткова дзейнай е-сімкі, зарэгістраванай на беларуса з эміграцыі з дазволу апошняга.

«Навошта мне нехта з Беларусі, калі ў мяне актываваная е-сімка? Я проста пры патрэбе еду на мяжу, лаўлю лайфаўскую сетку і тэлефаную. Я не толькі не ведаў, што такое сім-бокс, але і быў не ў курсе, што нейкі УНС ужо зноў збіраецца. Можа, сапраўды тады трэба каму патэлефанаваць? Крызіс жанру ў іх, няма чым іншым людзей палохаць».

Так званае ліставанне заказчыка Андрэя Павука і Сяргея К. Скрыншот: відэа АНТ

Андрэй Павук падкрэсліў, што для яго выключана ўзаемадзеянне з людзьмі з Беларусі.

«Гэта выключана, там жа ўсё праслухоўваецца. І чаму майго «выканаўцу» ніяк не паказваюць у відэа? Каб потым адпусціць, я думаю — адна паказуха. Ці, можа, помста Маркава — я нядаўна яму званіў, але ён быў нешматслоўны, сказаў мне вяртацца ў Беларусь».

Адразу пасля выхаду сюжэта на АНТ Андрэй Павук зноў набраў міністра інфармацыі.

Агулам размова была кароткай (увесь дыялог атрымаўся нецэнзурным):

— Марат, што ты там за х*йню выпусціў на АНТ пра Павука?

— Павук быў дурнем, таму давялося. Будзь здаровы.

Таксама Андрэй Павук дазваніўся ў міліцыю з просьбай пакараць міністра інфармацыі за стварэнне фэйкаў.

Чытайце таксама:

Міністр Маркаў расказаў, як яго дачка трапіла на тэлебачанне

Павук паведаміў, што яго аштрафавалі ў Літве за прапаганду забароненай сімволікі

Шчырая гутарка з Вольгай Павук: пра палітыку, званкі чыноўнікам, сваякоў-ябацек і расчараванне ў шлюбе

Каментары да артыкула