Зяленскі: Украіна ні дэ-факта, ні дэ-юрэ не прызнае Данбас расійскім
«Вы ведаеце, што гэта адно з ключавых пытанняў. Пакуль што ў нас няма кансэнсусу», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Уладзімір Зяленскі: Jonathan Raa NurPhoto via Getty Images
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не будзе прызнаваць Данбас расійскім ні дэ-факта, ні дэ-юрэ. Пра гэта ён заявіў падчас размовы з украінскімі СМІ, піша «Украінская праўда».
«Што да пазіцыі расіян, пакуль яна не змянілася. Вы ведаеце, што яны хочуць наш Данбас. Наша пазіцыя практычная, рэальная, справядлівая — мы на ёй стаім, і мы не хочам аддаваць наш Данбас. Амерыканцы хочуць знайсці кампраміс, яны прапануюць свабодную эканамічную зону. Я яшчэ раз падкрэсліваю: вольная эканамічная зона — гэта не азначае, што яна будзе пад кіраваннем Расійскай Федэрацыі».
Зяленскі падкрэсліў, што пытанне тэрыторый абмяркоўваецца, аднак Украіна не будзе прызнаваць часова акупаваную частку Данбасу расійскай.
«Ні дэ-юрэ, ні дэ-факта мы не будзем прызнаваць Данбас расійскім — тую яго частку, якая часова акупаваная. Але пры гэтым мы будзем абмяркоўваць пытанне тэрыторый. Вы ведаеце, што гэта адно з ключавых пытанняў. Пакуль што ў нас няма кансэнсусу».
Чытайце таксама:
ЗША на перамовах у Берліне патрабуюць аддаць Расіі ўвесь Данбас
Еўропа выклала план гарантый бяспекі для Украіны з шасці пунктаў