У Мінску загарэўся электрамабіль
Супрацоўнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне электрамабіля ў сталіцы, паведаміла прэс-служба ведамства.
Фота: МНС
У панядзелак, 15 снежня, ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні электрамабіля па вул. Варанянскага ў Мінску.
Пасля прыезду на месца супрацоўнікаў высветлілася, што з-пад транспартнага сродку ідзе дым моцнай канцэнтрацыі.
«Устаноўлена, што адбылося ўзгаранне акумулятарнай батарэі. Для яе тушэння і ахаладжэння выкарыстоўваліся спецыяльныя падкатныя ўстаноўкі, якія накіроўваюць ваду непасрэдна ў корпус батарэі», — паведамілі ў МНС.
Пажар быў ліквідаваны. Для прадухілення паўторнага самаўзгарання транспартны сродак змясцілі на дзень у спецыяльны мабільны рэзервуар з вадой.
Фота: МНС
У выніку здарэння пашкоджаныя акумулятарная батарэя, лакафарбавае пакрыццё кузава, пярэдняя правая шыба, аздабленне салона. Прычына пажару высвятляецца.