БЕЛ Ł РУС

Таленавітага праграміста адправілі за краты. Ён уваходзіў у топ-0,2% спецыялістаў у сваім кірунку

16.12.2025 / 09:30

Nashaniva.com

Раман Басалай — высакакласны спецыяліст па ўбудаваных сістэмах (Embedded) з сур'ёзным навуковым бэкграўндам. Нядаўна яго асудзілі за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Раман Басалай. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Раману Басалаю 43 гады. Ён выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: у 2004 годзе скончыў электратэхнічны факультэт з чырвоным дыпломам, пасля чаго вучыўся ў аспірантуры.

Раман — чалавек навукі. За ягонымі плячыма перамогі ў алімпіядах у фізіцы і матэматыцы, навуковыя публікацыі і чатыры заяўкі на патэнты. У яго рознабаковыя інтарэсы: ад ігры на барабанах да радыёэлектронікі. Мае жонку і непаўналетнюю дачку.

Доўгі час мужчына працаваў інжынерам-праекціроўшчыкам сетак, а са снежня 2023 года ўладкаваўся распрацоўшчыкам у кампанію Passat Innovations. Там ён займаўся стварэннем драйвераў для чыпаў, распрацоўкай інтэлектуальных крыніц бесперабойнага сілкавання і сістэм галасавой сувязі.

Узровень Басалая паказвае ягоны рэйтынг на платформе CodeWars: беларус уваходзіў у топ-0,168% карыстальнікаў па вырашэнні задач на C/C++ і займаў 1183 месца з мільёнаў карыстальнікаў платформы.

Скрыншот статыстыкі Рамана Басалая на платформе CodeWars. Скрыншот з ягонага Linkedin

Рамана затрымалі ў красавіку 2025 года. Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

З таго часу ён не з'явіўся анлайн — выглядае, што пакаранне Раману звязанае з пазбаўленнем волі.

Чытайце таксама:

Кіраўніка прадукту шматмільённага IT-стартапа асудзілі да калоніі за Гаюна

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Фізік з Акадэміі навук пераехаў на працу ў Польшчу. Падчас візіту ў Беларусь яго арыштавалі за палітыку і кінулі ў калонію

Каментары да артыкула