БЕЛ Ł РУС

Ёсць стол, канфоркі, ванна і ўнітаз — што яшчэ трэба для шчасця за 280 даляраў? Жарт, які стаў рэальнасцю ў Мінску

13.12.2025 / 9:14

Nashaniva.com

Здаецца, гэты жарт ужо выходзіць з-пад кантролю. Трэнд на арэнду жылля без аздаблення пачаўся прыкладна ў той момант, калі ў Мінску стартавала будаўніцтва вялікага жылога масіву на месцы былога аэрапорта. Людзі накуплялі недарагіх метраў, і з апошнімі трэба было нешта рабіць. Камусьці прыйшла ідэя здаваць голыя бетоныя «квадраты» непатрабавальным кватарантам, і пайшло.

У такога віду жылля ёсць плюс: яно звычайна нядорага каштуе. Але не заўсёды. Напрыклад, зараз у «Мінск-Свеце» здаецца аднапакаёўка без аддзелкі за даволі немаленькія $280, піша Onliner.by.

Кватэра знаходзіцца ў доме «Мілан» на вуліцы Шчамялёва, 30. Адзначаецца, што арандатара шукаюць на доўгі тэрмін — не менш за два гады. З плюсаў: у кватэры прапісаны чалавек, а значыць, камунальныя плацяжы будуць невысокія.

— Без рамонту, але для жыцця ёсць усё неабходнае, — адзначае аўтар аб'явы. — Усталяваны ўнітаз, ванна, стальніца з мыйкай, на падлозе лінолеум, сцены прагрунтаваны. Разеткі ўсе ёсць і выключальнік. У санвузле ёсць трубы і 220 В для падлучэння пральнай машынкі.

Калі так падумаць, то сапраўды, у кватэры ёсць мінімальны набор для існавання. Але, пагадзіцеся, жыллё — гэта не толькі пра функцыянал. Акрамя неабходнасці паесці, памыцца і схадзіць у туалет чалавек мае патрэбу яшчэ і ва ўтульнасці: люстэрка, ёмістыя шафы, шторы на вокнах… Ложак, вядома, таксама б не зашкодзіў.

Зняць такую напаўгатовую кватэру можна за $280 у месяц.

Цікава, што ўласнік запатрабуе яшчэ і залог памерам месячнай арэнднай платы. Гэта даволі распаўсюджаная практыка, якая дае ўладальнікам гарантыю, што пасля выезду кватарантаў маёмасць кватэры будзе ў парадку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула