Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам
Раней гэты варыянт сустракаўся рэдка, і таму ў людзей недастаткова імунітэту да яго.
Фота: Guido Mieth, Getty Images
Дзясяткі краін на ўсіх кантынентах накрыла новая хваля грыпу, і ў гэтым сезоне вінаватым у вялікай частцы выпадкаў стаў новы, асабліва небяспечны штам віруса, піша Бі-бі-сі.
Спачатку субклад (падгаліна) К штама H3N2 быў знойдзены ў Аўстраліі і Новай Зеландыі, потым былі ўспышкі ў Японіі і Брытаніі, а цяпер гэты варыянт віруса зафіксаваны ўжо больш чым у 30 краінах ва ўсіх частках свету.
Раней гэты варыянт сустракаўся рэдка, і таму ў людзей недастаткова імунітэту да яго. У Брытаніі ў бальніцы кожны тыдзень трапляюць ужо тысячы захварэлых.
Што ўяўляе сабой мутацыя віруса грыпу H3N2
Вірусы грыпу мутуюць пастаянна, і медыкі адсочваюць гэтыя змены, каб ствараць новыя дзейсныя вакцыны супраць іх.
У большасці выпадкаў мутацыі невялікія, але часам здараецца, што вірус змяняецца рэзка і вельмі істотна.
Як тлумачыць дырэктар Цэнтра эвалюцыі патагенаў пры Кембрыджскім універсітэце Дэрэк Сміт, H3N2 зведаў сем мутацый.
«Ён амаль напэўна пракаціцца па ўсім свеце», — прадказвае прафесар Сміт.
Ці больш небяспечны гэты штам, чым іншыя
З субкладам К H3N2 людзі ў апошнія гады сутыкаліся рэдка, і, адпаведна, у іх не выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт да яго.
Таму, хоць сімптомы пры новым выглядзе грыпу, магчыма, і не цяжэйшыя за звычайныя, але заразіцца ім можа большая колькасць людзей.
Варта памятаць, што некаторыя з тых, хто падхапіў вірус, пераносяць яго наогул без сімптомаў, але ў многіх іншых пачынаюцца жар, болі ў розных частках цела і хуткая стамляльнасць, а для пажылых і аслабленых іншымі хваробамі гэты вірус можа наогул аказацца смяротным.
«Такога віруса мы даўно не бачылі. Незвычайная дынаміка, — кажа дырэктар Сусветнага цэнтра грыпу пры брытанскім Інстытуце Фрэнсіса Крыка Нікола Льюіс. — Я хвалююся, канечне. Не панікую, але занепакоена».
Як адрозніць грып ад прастуды і кавіду
Многія сімптомы пры прастудзе, грыпе і кавідзе супадаюць, але ёсць і адрозненні, па якіх можна вызначыць, чым вы захварэлі.
Прастуда звычайна надыходзіць паступова і праяўляецца ў насмарку і болі ў горле.
Грып звычайна пачынаецца раптоўна і нясе з сабой тэмпературу, болі ў розных месцах і аслабленасць цягліцаў.
Пры кавідзе сімптомы падобныя да сімптомаў грыпу, але адной з галоўных адметных прыкмет можа быць страта смаку і нюху. Акрамя таго, кавід можа суправаджацца вельмі рэзкім болем у горле і дыярэяй.
Як абараніцца ад грыпу
Найлепшы спосаб прадухіліць захворванне на грып — прышчэпка. Хоць наяўныя цяпер вакцыны, магчыма, недастаткова эфектыўныя супраць новага варыянта віруса.
«Хоць нейкая абарона лепшая, чым яе поўная адсутнасць, але ў гэтым годзе, падобна, абарона будзе меншая, чым у тыя гады, калі вакцыны лепш адпавядаюць вірусу. Сітуацыя далёкая ад ідэалу», — сказаў Бі-бі-сі прафесар Крыстоф Фрэйзер з Інстытута пандэмій пры Оксфардскім універсітэце.
«Вірусы субклада К, якія цяпер цыркулююць, у частцы антыгенаў [маркераў, якія распазнае імунная сістэма — Бі-бі-сі] трохі адрозніваюцца ад папярэдніх штамаў, так што калі вы не зрабілі новую прышчэпку ў гэтым годзе, вы з большай верагоднасцю і цяжэй захварэеце на грып», — тлумачыць Нікола Льюіс.
Галоўнае, што можа даць наяўная цяпер вакцына, як тлумачаць спецыялісты, гэта тое, што яна змякчыць сімптомы і дапаможа стрымаць распаўсюд віруса.
Стрымаць распаўсюд дапамагаюць і розныя віды каранцінаў. У Японіі і Англіі, напрыклад, ужо закрытая частка школ.
Ну і акрамя таго, на асабістым узроўні змагацца з эпідэміяй дапамагаюць старыя, добра вядомыя прыёмы: калі захварэлі, закрывайце рот і нос хусткай, калі кашляеце ці чхаеце, і па магчымасці не выходзьце з дому.
Наплыў пацыентаў у бальніцах Брытаніі
У Англіі, дзе жывуць амаль 59 з прыкладна 70 мільёнаў жыхароў Злучанага Каралеўства, у першы тыдзень снежня ў бальніцы з грыпам звярталіся ў сярэднім 2660 чалавек у дзень.
Як паведамляе англійскае падраздзяленне Нацыянальнай службы аховы здароўя, NHS England, гэта ў паўтара раза больш, чым у апошні тыдзень лістапада, а пасля 7 снежня колькасць захварэлых працягвае расці, і да піку яшчэ вельмі далёка.
Да 14 снежня колькасць зваротаў па прагнозах медыкаў дасягне 5‑8 тысяч у дзень. Пакуль рэкорд у Англіі пры сезонным грыпе — 5400 чалавек у дзень.
Колькасць захварэлых так жа хутка расце і ў іншых частках Злучанага Каралеўства: у Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі.
У многіх бальніцах і школах Брытаніі ўвялі абавязковае нашэнне масак.
А што ў Беларусі?
Сітуацыю з грыпам пракаментаваў Мінск-навінам галоўны доктар Мінска Юрый Горбіч.
«Сёлета ў нас сезонны грып, звычайна пік захворвання прыпадае на канец снежня, студзень і пачатак лютага. Пандэмічны грып 2009 года ўваходзіць у склад тых вірусаў, якія ў нас цыркулююць, але новага пандэмічнага штама не будзе», — сказаў ён.