Падазроную кільку прадаюць у Мінску. Рэч у тым, што гэта не зусім рыба
У сталічным ProStore каля станцыі метро «Малінаўка» (праспект Дзяржынскага, 126) карэспандэнт Blizko.by знайшоў незвычайную навінку. З выгляду гэта самая звычайная кілька ў алеі, але ўсё не так проста.
Гэты тавар, у адрозненне ад іншых рыбных кансерваў, ляжаў у аддзеле з кандытарскімі вырабамі. Але гэта зусім не памылка супрацоўнікаў крамы — рыбкі ўнутры бляшанак шакаладныя.
Незвычайныя прысмакі выпускае расійская фабрыка «АтАг». Упакоўка сапраўды нагадвае бляшанку ад шпротаў ці кількі — авальнай формы, жоўтага колеру, з выявай рыбных кансерваў. Нават назвы адпавядаюць: «Застольны закусон» і «Закусон алігарха». Адрозніваюцца «кансервы» начынкай.
Рыба ў «Застольным закусоне» ўнутры з арахісавай пастай, а ў «Закусоне алігарха» — са сметанковай начынкай. У кожнай упакоўцы ляжаць два шэрагі па 12 штук.
Набыць шакаладную кільку можна ў краме ProStore за 11,99 рубля, альбо на маркетплэйсе, але там кошт вышэйшы — ад 13 рублёў.