БЕЛ Ł РУС

Шведскі музыка навучыў граць на піяніна васьмінога

10.12.2025 / 18:21

Nashaniva.com

Шведскі музыкант і відэаблогер Маціяс Кранц стаў першым у свеце чалавекам, які здолеў навучыць свайго васьмінога гуляць на піяніна. На трэніроўкі ён патраціў некалькі месяцаў і сотні гадзін, перш чым яго гадаванец па мянушцы Така сыграў мелодыю Baby Shark — хаця і не зусім трапляў у рытм. Відэа з гэтым эксперыментам сабрала ўжо больш за шэсць мільёнаў праглядаў, піша The Washington Post.

Фота: Mattias Krantz

Маціяс Кранц набыў васьмінога на партугальскай рыбнай ферме, фактычна выратаваўшы жывёліну ад трапляння на абедзенны стол. Ён назваў яго Такаякі (як смажаныя шарыкі з мясам васьмінога), скараціўшы мянушку да Така, і абяцаў, што зробіць з яго «найлепшага музыку ў моры».

Фота: Mattias Krantz

Спачатку васьміног пасяліўся ў вялікім акварыуме на 400 літраў, дзе ў першыя дні хаваўся і не еў. Але хутка асвоіўся. Першым заданнем для яго было адкрыць шкляны слоік з ежай — і Така справіўся за тры дні.

Фота: Mattias Krantz

Пасля гэтага Кранц надрукаваў на 3D-прынтары клавішу, за дотык да якой васьміног атрымліваў пачастунак. З цягам часу музыка сабраў падводны інструмент з 15 клавіш, але васьміног доўга проста сядзеў на ім, не праяўляючы ніякай цікавасці.

Фота: Mattias Krantz

Музыка спрабаваў матываваць гадаванца рознымі спосабамі: ставіў падводны дынамік, наносіў на клавішы сімвалы і нават налепліваў выявы крабаў. Але лепш за ўсё спрацаваў рух — калі Кранц цягнуў рыбалоўную лёску і прымушаў клавішы калыхацца, Така пачынаў націскаць іх.

Фота: Mattias Krantz

Так васьміног навучыўся граць дзве ноты запар, а потым і дзве клавішы адначасова. Праўда, хутка прагрэс спыніўся: Така пачаў хапаць інструмент, пырскаць вадой і нават спрабаваў уцякаць з акварыума.

Фота: Mattias Krantz

Пераломны момант наступіў, калі Кранц прыдумаў «крабавы ліфт» — празрыстую трубу з крабам, які апускаўся, калі васьміног націскаў правільную клавішу. Гэта рэзка павысіла матывацыю Така: праз некалькі тыдняў ён націскаў па 7—8 клавіш, каб атрымаць пачастунак. У жніўні Кранц пачаў граць акорды на гітары і паралельна дапамагаць васьміногу трапляць па патрэбных нотах — атрымліваліся своеасаблівыя «дуэты».

Фота: Mattias Krantz

Навучыцца стабільна выконваць мелодыі Така так і не змог — ён проста рэагаваў на стымулы, а біёлагі тлумачаць, што васьміногі не ўспрымаюць рытм і робяць дзеянні толькі дзеля ежы. Але, нягледзячы на цяжкасці, музыка прызнаецца, што вельмі прывязаўся да свайго незвычайнага «вучня» і пакінуў яго сабе як хатняга ўлюбёнца.

Фота: Mattias Krantz

Цяпер васьміногу каля 14 месяцаў, большую частку часу ён адпачывае, але ўсё яшчэ «грае» на піяніна прыкладна раз на два дні. Кранц кажа, што да гэтага часу не можа паверыць, што займаецца музыкай разам з васьміногам.

Чытайце таксама:

Навукоўцы паказалі ВІДЭА, як васьміног катаецца на самай хуткай у свеце акуле

Ад Антарктыды адкалоўся велізарны айсберг. Навукоўцаў уразіла, што аказалася пад ім

Кіраўнік IT-кампаніі Fibery завёў захапляльны канал пра васьміногаў. Мэта — каб іх менш елі

Паглядзіце фота ўпершыню выяўленага глыбакаводнага васьмінога і яго чароўных іншапланетных дзяцей

Каментары да артыкула