Лукашэнка падоўжыў на год бязвізавы рэжым для грамадзян еўрапейскіх краін
Аляксандр Лукашэнка сваім указам падоўжыў бязвізавы рэжым для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года.
Умовы бязвізу застаюцца ранейшымі: грамадзяне гэтых краін могуць перасякаць дзяржаўную мяжу праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя міжнародныя пункты пропуску, выкарыстоўваючы сапраўдныя дакументы для выезду за мяжу.
Тэрмін знаходжання ў Беларусі складае да 30 дзён, а для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і асоб са статусам неграмадзян Латвіі — да 90 дзён.
Правам на бязвізавы ўезд можна карыстацца неабмежаваную колькасць разоў, але агульная колькасць дзён знаходжання ў Беларусі па бязвізе не павінна перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.
Таксама захоўваецца бязвізавы парадак уезду праз аэрапорты. Іншаземцы, якія прыляцелі без візы, могуць транзітам праязджаць праз Беларусь у трэція краіны, акрамя Расійскай Федэрацыі.
Гэты парадак не распаўсюджваецца на ўладальнікаў дыпламатычных, службовых, спецыяльных і прыраўнаных да іх пашпартоў. Уладальнікі біяметрычных дыпламатычных пашпартоў краін ЕС могуць уязджаць, выязджаць і праходзіць транзітам праз Беларусь без візы ў адпаведнасці з дамовай паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавай сістэмы.
У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі сцвярджаецца, што з 1 студзеня 2025 года ў Беларусь па бязвізе прыбыло больш за 210 тысяч замежных грамадзян.
Бязвізавы рэжым з для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы Лукашэнка ўвёў у 2022 годзе, для яшчэ 35 краін Еўропы — летам 2024-га.
Чытайце таксама:
З'явіўся рэйтынг самых моцных і самых слабых сусветных пашпартоў. Беларускі ў сярэдзіне
У МЗС расказалі, з якімі краінамі вядуць перамовы пра бязвізавы рэжым
«Паўгода чакання, мінус $1200 — і ніякай візы». Як беларусы зараз адкрываюць «шэнген»