БЕЛ Ł РУС

Ці можна забраць рогі, якія знайшлі ў лесе? Можна, але леснікі просяць гэтага не рабіць — вось чаму

9.12.2025 / 9:5

Nashaniva.com

Калі знайшлі ў лесе скінутыя рогі лася, ці можна забраць сабе такі падарунак прыроды? Выданню «Новы дзень» тлумачыць намеснік дырэктара Жлобінскага лясгаса Іна Дударава.

Дарослыя самцы лася скідаюць свае цяжкія рогі (якія могуць важыць да 30 кг і мець размах больш за 1,5 метра) штогод — прыкладна з лістапада па студзень. Гэты механізм дазваляе жывёлінам пазбавіцца ад непатрэбнай ношы пасля шлюбнага сезона.

Скінутыя рогі — гэта каштоўны прыродны рэсурс. Яны багатыя кальцыем і фосфарам, і таму становяцца выратавальнай падмогай для грызуноў (зайцоў, вавёрак, мышападобных), а таксама для капытных, якія абгрызаюць іх у пошуках мінералаў. Гэта асабліва актуальна зімой і ранняй вясной, калі натуральныя крыніцы мікраэлементаў у лесе абмежаваныя.

«Для звяроў, якія жывуць у лесе, гэта сапраўдны скарб! Так, для чалавека рогі — памятны сувенір, а для зайца — вітамінная падтрымка ў цяжкі час», — кажа Іна Дударава.

З юрыдычнага пункту гледжання, збор скінутых рагоў лася ў Беларусі не забаронены.

Тым не менш, спецыялісты лясгаса настойліва рэкамендуюць падыходзіць да гэтага этычна.

«Калі мы забіраем рогі з лесу, мы нясём дадому часцінку дзікай прыроды. Але разам з гэтым мы пазбаўляем жывёл доступу да важнай крыніцы мінералаў. Лепш — сфатаграфаваць, палюбавацца і пакінуць знаходку ў экасістэме. Хай яна выконвае сваю прыродную місію», — кажа эксперт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула