«Прэмія належыць усім беларусам, якія працягваюць змагацца». Ціханоўская ўзнагароджаная нямецкай прэміяй, якую атрымліваў Гавел
Святлана Ціханоўская атрымала міжнародную прэмію Bonn International Prize for Democracy and the Rule of Law за ўклад у абарону дэмакратыі, прынцыпу падзелу ўладаў і прававой дзяржавы.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Цырымонія прайшла 7 снежня ў Боне ў межах штогадовай праграмы, якая адзначае асобаў і арганізацыі, якія смела адстойваюць правы чалавека, законнасць і дэмакратычныя каштоўнасці.
Прэмія прысуджаецца штогод з 2007 года за значны ўклад у развіццё дэмакратыі. Сярод папярэдніх лаўрэатаў — былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел (2009) і арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (2014).
У сваёй прамове Ціханоўская падкрэсліла, што прэмія належыць усім беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду, справядлівасць і мір, а таксама заклікала ўдзельнікаў падтрымаць беларускіх палітвязняў і Украіну:
«Я ўдзячная арганізатарам Бонскай міжнароднай прэміі за іх рашэнне ўручыць яе беларусам. Яна не мне — а ўсім тым, хто змагаецца за свабоду, у тым ліку нашым палітычным зняволеным, такім як Марыя Калеснікава ці Алесь Бяляцкі.
Мы, беларусы, глыбока ўдзячныя нямецкаму народу за вашую салідарнасць і падтрымку — не толькі свабоднай Беларусі, але і Украіне.
Сёння я хачу папрасіць вас падтрымаць Беларусь, нашых палітычных зняволеных. Але таксама — падтрымаць Украіну. Таму што сёння Украіна змагаецца за ўсю Еўропу. Лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Калі Украіна будзе моцнай, а Расія слабай, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі.
Дыктатары могуць здавацца непераможнымі, так, пакуль раптам не абрынуцца. Як гэта адбылося з Берлінскай сцяной, з Савецкім Саюзам ці нядаўна з Сірыяй. Мы не ведаем, калі і як гэта адбудзецца, але гэта адбудзецца. І мы павінны быць да гэтага гатовыя».
Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбылася панэльная дыскусія, падчас якой Святлана Ціханоўская і міністр па федэральных, еўрапейскіх і міжнародных справах зямлі Паўночны Рэйн‑Вестфалія Натаэль Ліміньскі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, актуальны фокус дзейнасці дэмакратычных сілаў і магчымасці Германіі для падтрымкі беларусаў.