Ланда Норыс стаў чэмпіёнам «Формулы-1» і перапыніў дамінаванне Ферстапена
Брытанец з «Макларэн» саступіў у апошняй гонцы сезона, але ўзяў тытул.
Ланда Норыс. Фота: Wikimedia Commons
Брытанскі пілот «Макларэн» Ланда Норыс стаў чэмпіёнам «Формулы-1». У фінальнай гонцы сезона ў Абу-Дабі 26‑гадовы брытанец фінішаваў трэцім. Але гэтага хапіла, каб утрымаць першае месца ў агульным заліку і ўзяць тытул чэмпіёна свету.
Норыс абышоў пілота «Рэд Бул» Макса Ферстапена ўсяго на 2 балы. Прадстаўнік Нідэрландаў выйграваў чэмпіянат чатыры гады запар. Але цяпер застаўся толькі віцэ-чэмпіёнам, нягледзячы на тое, што перамог на Гран-пры Абу-Дабі.
Другое месца ў апошняй гонцы сезона заняў яшчэ адзін гоншчык «Макларэн» Оскар Піястры. У агульным заліку ён фінішаваў трэцім. Кубак канструктараў другі год запар узяў «Макларэн», прычым з велізарнай перавагай перад «Мерсэдэс».
Норыс стаў першым чэмпіёнам свету не з «Рэд Бул» ці «Мерсэдэс» з 2009 года. Тады тытул узяў яго суайчыннік Джэнсан Батан на «Браўне».