Байцы расійскага «Афрыканскага корпуса» выкрадаюць, гвалцяць і забіваюць мірных жыхароў у Малі
Жыхары Малі спадзяваліся, што зверствы супраць мірных жыхароў спыняцца пасля выхаду ПВК «Вагнер». Але «Афрыканскі корпус» дзейнічае тымі ж метадамі, піша Associated Press.
Фота: Arkady Budnitsky / Anadolu Agency via Getty Images
Байцы «Афрыканскага корпуса» Мінабароны Расіі, якія замянілі ў Малі наймітаў ПВК «Вагнер», выкрадаюць, гвалцяць і забіваюць мірных жыхароў краіны.
Пра гэта паведамляе «Новая газета. Еўропа» са спасылкай на агенцтва Associated Press.
Журналісты апыталі 34 бежанцаў з Малі, якія ўцяклі на мяжу з Маўрытаніяй. Яны спадзяваліся, што пасля выхаду ПВК «Вагнер» з Малі зверствы супраць мірных жыхароў спыняцца, аднак «Афрыканскі корпус» дзейнічае тымі ж метадамі, што і найміты ПВК.
«Гэта тактыка выпаленай зямлі. Салдаты ні з кім не размаўляюць. Яны страляюць у любога, каго бачаць. Ніякіх пытанняў, ніякіх папярэджанняў. Людзі нават не ведаюць, за што іх забіваюць», — кажа адзін з бежанцаў.
Яшчэ некалькі чалавек расказалі, што іх вёскі былі спалены, іншыя знаходзілі трупы з выразанымі органамі. Байцы Мінабароны адбіралі ў мірных жыхароў прадукты і каштоўнасці, збівалі і забівалі іх сваякоў, падазраваных у сувязях з джыхадзістамі, а таксама забіралі з сабой жанчын.
«Змянілася толькі назва. Адзенне, транспартныя сродкі, людзі засталіся ранейшымі. Метады засталіся ранейшымі і нават сталі горшымі», — заявіў журналістам бежанец па імені Бакар.
Паводле падлікаў экспертаў, з 2023 года ў Малі былі забітыя як мінімум пяць тысяч мірных жыхароў. Амаль палова з іх загінулі з-за нападаў вайскоўцаў, у якіх прысутнічалі расійскія найміты. Аднак лічбы страт відавочна прыменшаныя: дакладныя падлікі ўскладненыя тэрытарыяльнай аддаленасцю некаторых раёнаў.
Акрамя таго, за тым, што адбываецца, сочыць усё менш незалежных назіральнікаў. Міратворчая місія ААН з'ехала з Малі ў 2023 годзе пад ціскам урада. Выхад Малі з Міжнароднага крымінальнага суда сёлета таксама ўскладніў адсочванне парушэнняў.
Колькі байцоў «Афрыканскага корпуса» знаходзіцца ў Малі, таксама складана вызначыць. Аналітыкі ацэньваюць колькасць групоўкі ў дзве тысячы чалавек. У падраздзяленне Мінабароны набіраюць людзей з Расіі, Беларусі, а таксама афрыканскіх дзяржаў.
У Мінабароны Расіі на просьбу AP даць каментар не адказалі.