БЕЛ Ł РУС

Літва можа забараніць аўтобуснае злучэнне з Беларуссю

7.12.2025 / 16:41

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што варта абмеркаваць прыпыненне рэгулярных пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расію, піша LRT.

Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»

Кандратовіч прапанаваў абмеркаваць досвед Латвіі, улады якой імкнуцца цалкам забараніць аўтобуснае злучэнне з Беларуссю.

«Безумоўна, гэта, магчыма, адна з такіх мер. Пытанне толькі ў тым, як гэта паўплывае на беларускі рэжым — ці балюча гэта, ці, магчыма, гэта ім не вельмі балюча, ці, магчыма, гэта яшчэ больш падвысіць варожыя настроі ў дачыненні да Еўрапейскага Саюза і іншых краін. Таму, мяркую, у дадзеным выпадку гэта сапраўды варта разгляду, трэба глядзець, як будзе», — сказаў міністр агенцтву BNS.

Гэтае пытанне Кандратовіч мае намер абмеркаваць на наступным тыдні са сваімі калегамі з Польшчы і Латвіі ў Бруселі.

«Мы закранём гэтае пытанне разам. Таму што тут патрэбна агульнае рашэнне, я мяркую, не толькі Латвіі, але і Літвы, і Польшчы. Трэба паглядзець, які агульны падыход», — адзначыў ён.

Праект па спыненні рэгулярных маршрутаў у Беларусь і Расію ўжо рыхтуе Міністэрства транспарту Латвіі. Па словах латвійскага міністра транспарту Аціса Швінкса, пастанова будзе заснавана на меркаваннях бяспекі і прадугледжвае магчымасць перагляду рашэння ў выпадку змены сітуацыі.

Міністр адзначыў, што такой пастановай Кабінета міністраў будуць спынены рэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі ў Расію і Беларусь, адкліканы дзеючыя дазволы для перавозчыкаў або будзе адмоўлена ў іх абнаўленні.

Літоўскі ўрад на наступным тыдні мае намер аб'явіць надзвычайную сітуацыю праз пагрозы, якія нясуць кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі. У той жа час апазіцыя прапануе аб'явіць не надзвычайную сітуацыю, а надзвычайнае становішча.

Палёты кантрабандных паветраных шароў з Беларусі за апошнія месяцы ўжо некалькі разоў паўплывалі на працу Віленскага аэрапорта. 

Па даных Міністэрства ўнутраных спраў, сёлета зафіксавана 599 залётаў кантрабандных паветраных шароў і 197 дронаў у паветраную прастору Літвы. Гэтыя атакі парушылі 320 рэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да закрыцця аэрапортаў амаль на 60 гадзін.

У сувязі з гэтым, пасля таго як Вільня на некалькі тыдняў абмежавала дзейнасць памежных пунктаў з Беларуссю, Мінск адмаўляецца выпускаць зарэгістраваныя ў Літве велікагрузныя аўтамабілі. Кіраўніцтва Літвы лічыць гэтыя дзеянні гібрыднай атакай з боку беларускіх уладаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула