БЕЛ Ł РУС

Былы рэдактар Nexta Ян Рудзік ажаніўся ў Кіеве і расказаў, як пагроза «Арэшнікам» падштурхнула зрабіць прапанову

7.12.2025 / 11:1

Баляслаў Ліманоўскі

Былы рэдактар Nexta і ветэран палка Каліноўскага Ян Рудзік 6 снежня пабраўся шлюбам. Урачыстасць прайшла ў Кіеве — горадзе, які стаў для пары домам, нягледзячы на вайну. «Наша Ніва» даведалася ў Яна, хто ягоная абранніца, пры чым тут савецкае кіно і як выглядае сямейнае жыццё пад гукі «шахедаў».

Вяселле Яна Рудзіка і ягонай абранніцы Эльвіры. Фота з архіва Яна Рудзіка

«Атрымаўся сюжэт з савецкага кіно, але ёсць нюанс»

— Мы пазнаёміліся летась у Кіеве. Маю жонку клічуць Эльвіра, яна з Азербайджана. Тады яна была студэнткай універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі — вывучала нямецкую, іспанскую і англійскую мовы на кафедры філалогіі. Пачала вучыцца яшчэ да поўнамаштабнай вайны і вырашыла заставацца ва Украіне.

Эльвіра нарадзілася ў Азербайджане, але па крыві яна напалову татарка, напалову ўкраінка. У яе сям'і добра ведаюць, што такое расійскі шавінізм: продкі па маці ўцяклі ў Азербайджан праз Галадамор.

Таму, калі разважаць ідэалагічна, мы маем вельмі блізкія погляды на геапалітыку. Хоць у нашых адносінах палітыка вялікай ролі не грае.

Я ж тады толькі вярнуўся з вайны: паўгода ў групе дроншчыкаў выконваў задачы каля мяжы ў Харкаўскай вобласці, пасля пераводзіўся на тылавую працу.

Мы жартавалі, што ў нас атрымаўся сюжэт з савецкага кіно: беларускі вайсковец, студэнтка з Азербайджана, Кіеў, вайна. Але, вядома, ёсць нюанс.

Каханне пад пагрозы Пуціна

— Спачатку мы проста некалькі разоў пагулялі па Рэйтарскай — гэта такая барная хіпстарская вуліца ў Кіеве. Эльвіра зачаравала мяне сваім стылем і лёгкім усходнім вайбам.

Усё змянілася, калі Пуцін упершыню анансаваў «Арэшнік» і пачаў ім кашмарыць свет. Пайшлі чуткі, што ён ударыць па Кіеве, у горадзе стаяў пэўны апакаліптычны настрой. На гэтай хвалі я вырашыў: цягнуць будзе недарэчна. І напісаў Эльвіры, што яна мне падабаецца. Так усё і пачалося.

Ян і Эльвіра. Фота з асабістага архіва герояў

Цяпер мы вырашылі аформіць адносіны і стварыць сям’ю. Дарэчы, апроч філалогіі, у Эльвіры ёсць музычная адукацыя (фартэпіяна і скрыпка), яна цудоўна выконвае класіку і любіць нямецкую літаратуру. Карацей, нам ёсць пра што пагаварыць і што парабіць разам.

EcoFlow і шахеды

— Мы жывём у Кіеве і пакуль плануем заставацца тут. Я працягваю працаваць у вайсковай сферы. Не сказаў бы, што зараз тут лёгка, але і не так кепска, як часам пішуць.

У крамах шмат прадуктаў — асартымент нават большы, чым у Польшчы. Працуюць кавярні, бары, праводзяцца канцэрты. Цэны падраслі, але ўсё яшчэ значна меншыя, чым у Еўрасаюзе.

Эльвіра і Ян. Фота з асабістага архіва герояў

Вядома, раз на тыдзень-два адбываюцца буйныя атакі. Гэта стварае стрэс: «шахеды» выразна гудуць, гучна працуе СПА, выбухі… Пад гэты акампанемент складана заснуць, і потым цэлы дзень ходзіш разбіты.

Але мы падрыхтаваныя: у кватэры ёсць зарадная станцыя EcoFlow, ад якой працуе роўтар і ліхтарыкі. У самім доме — магутныя генератары, таму нават ліфт працуе падчас блэкаўтаў.

Нам тут даволі камфортна. І галоўнае: тут цяпер цэнтр свету, дзе вырашаецца будучыня рэгіёна. Маё жыццё тут дае унікальны досвед, які 100% спатрэбіцца ў далейшым.

Чытайце таксама:

«Упрыгожваў ложак ружамі, але шлюб хацеў гасцявы». Беларускі расказалі свае гісторыі раманаў з «гарачымі» іншаземцамі

«Я глыбока паважаю беларусаў, з якімі служу». Гутарка з амерыканскім медыкам палка Каліноўскага

Беларуска згуляла вяселле за 10 тысяч даляраў. За што такія грошы?

Каментары да артыкула