БЕЛ Ł РУС

У беларускіх радзільнях няма прэпарату, які неабходны нованароджаным

7.12.2025 / 09:30

Аўгіння Якімук

Згодна з беларускімі пратаколамі, усім немаўлятам павінны ўводзіць вітамін К адразу пасля нараджэння. Але канакіёну няма не першы месяц ні ў радзільнях, ні ў аптэках краіны.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Канакіён (вітамін K1) уводзяць для прафілактыкі гемарагічнай хваробы нованароджаных — небяспечных крывацёкаў, якія могуць узнікнуць праз дэфіцыт вітаміну K у дзіцяці. Ён дапамагае печані выпрацоўваць фактары згусання крыві і зніжае рызыку ўнутраных і вонкавых крывацёкаў.

Застацца без вітаміну К асабліва небяспечна дзецям, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі — напрыклад, неданошаным.

Журналістка «Нашай Нівы» назвалася будучай маці і звярнулася ў дзесяць розных радзільных дамоў Беларусі. Усюды пацвердзілі — вітаміну К (канакіёну) ў іх няма. Калі бацькі маюць магчымасць, лепш прынесці свой.

Супрацоўнік адной з радзільняў расказаў, што вітаміну К у іх няма ажно з ліпеня:

«Чаму няма? Добрае пытанне. Штогод радзільні падаюць справаздачы, колькі дзяцей сёлета нарадзілася — і зыходзячы з гэтых даных павінны прыкладна разлічыць, колькі якіх медыцынскіх сродкаў неабходна закупіць на будучы год. Ведаю, што летам канакіён быў у дзвюх аптэках у Баранавічах — некаторыя бацькі туды па яго ездзілі».

На гэты моманта канакіёну няма ва ўсіх аптэках Беларусі. Суразмоўца кажа, што тыя бацькі, якія ведаюць і разумеюць, наколькі неабходны вітамін К, самастойна набываюць прэпарат ці ў Еўропе, ці ў беларускіх перакупшчыкаў.

Перакупшчыкі просяць за ўпакоўку з пяці ампул ад 180 да 230 рублёў. Для аднаго дзіцяці неабходна адна ампула — за яе просяць 46 рублёў.

Яшчэ ў адной радзільні выказалі спадзяванні, што канакіён з’явіцца ў снежні. Аднак пакуль гэтага гарантаваць не могуць, дакладная дата пастаўкі невядомая.

Чытайце таксама:

У беларускіх аптэках з’явіўся расійскі аналаг «Азэмпіку»

«Можаце запісацца ў чаргу». З аптэк знікалі лекі, неабходныя анкахворым

У Беларусі ўпершыню з’явілася вакцына, якую бацькі чакалі гадамі. Па шалёным кошце, але раскупілі яе ў момант

Каментары да артыкула