БЕЛ Ł РУС

Чатыры краіны не будуць удзельнічаць у Еўрабачанні-2026, пратэстуючы супраць допуску Ізраіля

5.12.2025 / 1:57

Nashaniva.com

Ірландыя, Іспанія, Нідэрланды і Славенія абвясцілі, што не будуць удзельнічаць у Еўрабачанні 2026 года пасля таго, як арганізатары конкурсу 4 снежня на сустрэчы ў Жэневе дазволілі Ізраілю ўзяць у ім удзел. Раней прадстаўнікі гэтых краін патрабавалі выключыць Ізраіль з конкурсу ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Газе, піша Бі-бі-сі.

У 2025 годзе Ізраіль прадстаўляла спявачка Юваль Рафаэль, якая сама перажыла напад ХАМАС у 2023 годзе. Фота: AP Photo/Martin Meissner, File

Ірландская тэлекампанія RTÉ заявіла, што яе ўдзел «немагчымы з-за жахлівай страты жыццяў у Газе і гуманітарнага крызісу, які працягвае пагражаць жыццям мноства мірных грамадзян».

Іспанскі RTVE разам з яшчэ сямю краінамі дабіваўся таго, каб па пытанні ўдзелу Ізраіля было праведзена тайнае галасаванне, аднак арганізатары ў гэтым адмовілі, што павялічыла недавер да кіраўніцтва фестывалем. У выніку RTVE падкрэсліла, што не будзе трансляваць ні паўфіналы, ні фінал конкурсу 2026 года.

У той жа час Германія, якая пагражала пакінуць конкурс, калі Ізраіль будзе выключаны, вітае рашэнне Еўрапейскага вяшчальнага саюза і пацвярджае свой удзел у конкурсе ў наступным годзе, падкрэсліваючы тым самым імкненне да культурнай разнастайнасці і салідарнасці. Будзе ўдзельнічаць у Еўрабачанні-2026 таксама і Францыя.

Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг назваў рашэнне аб дазволе на ўдзел «жэстам салідарнасці, братэрства і супрацоўніцтва», а кіраўнік ізраільскай тэлекампаніі KAN адзначыў, што спробы дыскваліфікацыі можна разглядаць як культурны бойкот.

Паколькі ў гэтым годзе пераможцам Еўрабачання, што праходзіла ў швейцарскім Базелі, стаў аўстрыйскі спявак JJ (Джэй Джэй), наступны конкурс павінен прайсці ў маі 2026 года ў Вене.

Чытайце таксама:

Нідэрланды, як і Ірландыя, Славенія і Іспанія, прыгразілі байкатаваць «Еўрабачанне-2026», калі ў ім будзе ўдзельнічаць Ізраіль

У адной з мінскіх школ выпускнікі пацешылі публіку песняй з сёлетняга «Еўрабачання» ВІДЭА

Пераможца сёлетняга «Еўрабачання» хоча, каб наступнае прайшло без удзелу Ізраіля

Каментары да артыкула