«Упершыню я ледзь не загінула на Кубе». Беларуска расказала, як палову жыцця правяла ў падарожжах
Гераіня гэтага матэрыялу амаль палову жыцця правяла ў дарозе. То паміж небам і зямлёй, працуючы сцюардэсай, то ў падарожжах, то проста шпацыруючы. Кожны дзень яе крокамер паказвае не менш за дзесяць тысяч крокаў, піша Blizko.by.
У неба Ванда Сабурава крочыла з самага дзяцінства. Мама — сцюардэса, тата — пілот, ніхто проста не ўяўляў іншых варыянтаў. Тым больш што прафесія сцюардэсы нібыта створаная для інстаграма: аблокі, крыло самалёта, прыгожая ўніформа… Круцейшымі на фота атрымліваюцца толькі балерыны і патолагаанатамы.
«Я ніколі не ўспрымала сваю прафесію як цяжар. Хутчэй — як магчымасць выдатна правесці час у коле прыемных людзей. Так, да бортправадніцы выстаўляецца даволі шмат патрабаванняў… Трэба выглядаць дакладна адпаведна дрэс-коду, уключаючы даўжыню пазногцяў, вышыню абцасаў і водар парфумы. Таму цяпер я вельмі дакладна прытрымліваюся любых правілаў і інструкцый: калі так трэба, не буду спрачацца і абурацца. Прыму як дадзенасць».
Вялікі досвед палётаў прывучыў яе таксама спакойна ставіцца да любых чалавечых рэакцый. Страх вышыні, скачкі ціску, непрытомнасці — звычайныя з'явы на борце. Цалкам натуральна, што часам не прызвычаеныя да неба пасажыры звярталіся да яе з дзіўнымі пытаннямі.
«Напрыклад, часам пыталіся: «Што адбываецца, мы падаем? Чаму не чутно шуму рухавіка?» А мы ляцім як ляцелі… На самай справе у авіяцыі вельмі высокія патрабаванні да бяспекі… Не можа адбыцца трагедыя з-за раскручанай шрубкі, як любяць паказваць у фільмах… Патрэбна, каб сышлося вельмі шмат фактараў, каб самалёт упаў. Але людзям, не прызвычаеным да неба, гэта складана растлумачыць. Яны інтуітыўна не вераць транспарту, які «апіраецца» на паветра».
Нягледзячы на ўяўную лёгкасць і бязважкасць «паветранай» прафесіі, гэта — цяжкая праца. І добрае здароўе, бадай, самае важнае патрабаванне да сцюардэсы.
«Я ў свой час, напрыклад, зрабіла аперацыю на насавой перагародцы. Для бортправадніка дробязь, кшталту насмарку, можа абярнуцца сур'ёзнымі ўскладненнямі, аж да страты слыху. Таму: заклала нос — ніякіх палётаў, ідзі на бальнічны. Але ўсё адно нават пры такім уважлівым падыходзе здароўе пагаршаецца. Я адлятала больш за 13 гадоў. І з часам накапілася моцная стомленасць. Адсутнасць якога-небудзь рэжыму дня, пастаянная змена гадзінных паясоў, немагчымасць спланаваць сваё жыццё нават на бліжэйшыя пару дзён… Я адчувала, што пастаянна хачу спаць, і ў той жа час не магу змружыць вока. Аднойчы доктарка на прыёме сказала мне: «Арганізм на мяжы, вам трэба адпачыць, ідзіце ў адпачынак і спіце». І вось так я апынулася ў Непале».
Разважаючы, як правесці заслужаны адпачынак, Ванда пачала гугліць. Досвед падарожжаў у яе быў на той момант велізарны. Але жаданне ўбачыць яшчэ больш прыгажосці, прайсціся па яшчэ не ходжаных сцежках з кожнай новай паездкай толькі расло.
Знайшоўшы інфармацыю пра трэкінгавыя паходы ў горы, да базавага лагера Анапурны ў Непале, дзяўчына зразумела: вось яно.
«Анапурна — гэта горны масіў у Гімалаях, адзін з 14 васьмітысячнікаў свету, і першая такая вяршыня, якую заваявалі людзі.
Базавы лагер, куды накіроўваюцца турысты ў трэкінгавых паходах Анапурны, знаходзіцца на вышыні 4130 метраў. Пад'ём туды доўжыўся некалькі дзён. Я пачала яго ў топіку і шортах, а скончыла на вышыні больш за 4000, у снягах, у непрадзіманым лыжным касцюме.
Маршрут праходзіў галоўным чынам па прыступках, выдзеўбаных у скале. Быў дзень, калі гадзіннік паказаў: я паднялася больш чым на 200 паверхаў. А гэта было па працягласці ўсяго тры кіламетры. Мы іх пераадольвалі, з прыпынкамі, восем гадзін.
Непал — высакагорная краіна, тут амаль няма дарог. Добра, калі ёсць сцежкі, па якіх могуць прайсці буйвалы ці вослікі, каб перанесці цяжары. Але такіх месцаў вельмі мала. Усё цягаюць на сабе людзі. Таму чым далей у горы — тым вышэй цэны. І гэта не дзіўна: каб падняць наверх газавыя балоны, забяспечыць падачу электрычнасці, патрабуецца неймаверная колькасць намаганняў…
У лоджыях, дзе мы спыняліся на начлег, можна было зарадзіць тэлефон. Але мы рабілі гэта максімальна хутка, толькі для фотаздымкаў, таму што гэта ўсё вельмі дорага. Душ, ежа, падагрэў вады… Пры гэтым выгоды мінімальныя. Напрыклад, калі мы начавалі на вышыні прыкладна 2000 метраў, было ўжо холадна, градусаў з тры па Цэльсіі. Мы вырашылі: зачынім вокны, нешта моцна дзьме… А шыбаў няма: толькі драўляныя аканіцы — і дзірка ў сцяне. Арганізму цяжка прыстасавацца да вялікай вышыні, нават калі яна набіраецца паступова.
У мяне спраўляліся з нагрузкай мышцы, ногі, але не вытрымлівала дыханне. У прынцыпе, гэта натуральна: пры зніжэнні атмасфернага ціску і зніжэнні аб'ёму дыхальнага кіслароду развіваецца гіпаксія. Мне пастаянна не хапала паветра, я быццам не магла зрабіць поўны ўдых. Гэта ўзмацняла стомленасць.
Адчайна хацелася піць. У некаторыя моманты я не бачыла нічога вакол, таму што пот засланяў вочы, і я думала толькі пра тое, як дайсці. Але пейзажы навокал таго вартыя. Ніякія словы, ніякія фатаграфіі гэтую прыгажосць не перададуць. Яе трэба адчуць сэрцам».
Неўзабаве пасля паходу ў горы Ванда звольнілася з працы, але з падарожжамі не развіталася.
«Калі я бачу перад вачыма прыгожую карцінку: самалёты, неба, захад сонца, вядома, мне хочацца назад. Але потым я ўспамінаю пра адсутнасць вольнага часу, пра доўгія працоўныя дні, якія цягнуліся часам па 17, 18 гадзін, пра немагчымасць нічога спланаваць… І вось калі я пра ўсё гэта думаю, разумею: не! Тым больш, што неба ты заўсёды носіш з сабой».
Так што пагутарыць з Вандай удалося толькі дзякуючы сацсеткам. Цяпер яна — зноў у дарозе, вывучае пляжы Тайланда.
«Больш за ўсё мне падабаецца, што не трэба надзяваць на сябе тысячу рэчаў, каб выйсці з дому. Шорты, майка — і наперад у +29 па Цэльсіі. Вада цёплая, хоць і мутная, поўная медузаў і дробных рыбак. Гэта не вельмі прыемна. Але ў Азіі ў прынцыпе трэба быць гатовым да антысанітарыі і зусім іншага побыту. Вось ідзеш, напрыклад, па вуліцы, бачыш пасярод дарогі шланг, якім тут жа ў тазіку ў пыле і пяску мыюць посуд…
Але гэта яшчэ не ўсё ў параўнанні з тым, што мне даводзілася бачыць у Індыі. Вось калі трапляецца ў інтэрнэце відэа, дзе бруднымі рукамі мяшаюць нейкую жыжу ў катле, і потым гэтымі ж рукамі накладаюць у талерку… Можна не сумнявацца, — Індыя.
Мне здаецца, там можна захварэць, проста разок удыхнуўшы. У Дэлі вельмі высокая забруджанасць паветра, я чытала: у 20 разоў вышэйшая, чым у Мінску. Але атруцілася я ўсё ж такі не паветрам, а мясцовай кухняй. Аднаўлялася ўжо ў Беларусі, прытым вельмі доўга».
Дарэчы, дзяўчына сцвярджае, што яна панікёрка і пры выдатным здароўі — вялікі аматар захварэць на чужыне.
«Відаць, гэта псіхасаматыка. Варта кудысьці паехаць, абавязкова вылезе нечаканая хвароба. Першы раз я ледзь не загінула на Кубе — там у мяне здарыўся анафілактычны шок. На шчасце, працуючы бортправадніцай, я праходзіла інструктаж па першай медыцынскай дапамозе. Таму, калі зашчаміла дзясны і пачаў ацякаць твар, хутка зрэагавала і звярнулася па дапамогу. Так я і даведалася, што на Кубе высокі ўзровень медыцыны.
Дакладнае разуменне, што ў любы момант нешта можа пайсці не так, з'явілася крыху пазней, у Італіі, дзе мяне скруціў апендыцыт. Было па-сапраўднаму страшна, таму што я не ведаю італьянскай, дактары не размаўлялі па-англійску, а растлумачыць нешта на пальцах, калі не можаш разагнуцца ад болю, вельмі цяжка.
Але гэта, безумоўна, не прычына адмаўляцца ад прыгод. Як кажуць: ваўкоў баяцца — з чыстым пашпартам жыць».
Чытайце таксама:
«Чытала, што вашы хлопцы — супермены». Беларус паляцеў у Інданезію і там пазнаёміўся з жонкай