П'яны янот учыніў начны дэбош у краме, а пасля заснуў у прыбіральні
У горадзе Эшленд, што ў амерыканскім штаце Вірджынія, супрацоўнікі крамы алкагольных напояў ABC з раніцы атрымалі нечаканы «сюрпрыз». У памяшканні прайшоў сапраўдны начны дэбош, а вінаватым у ім аказаўся не чалавек, а янот, піша Бі-бі-сі.
Фота: Samantha Martin/Hanover County Protection via AP
Жывёліна трапіла ўсярэдзіну, верагодна, праз вентыляцыйную сістэму або інжынерныя камунікацыі. Апынуўшыся сярод паліц з алкаголем, янот пачаў вывучаць асартымент — лазіў па ніжніх стэлажах, разбіваў бутэлькі і «каштаваў» іх змесціва. Супрацоўнікі крамы раніцай знайшлі на падлозе раскіданыя шкляныя аскалёпкі і разлітыя спіртныя напоі.
Урэшце пасля гэтага «дэгустацыйнага тура» янот накіраваўся ў прыбіральню, дзе і заснуў паміж сметніцай і ўнітазам. Там яго і знайшлі.
На месца выклікалі службу кантролю за жывёламі. Інспектарка Саманта Марцін асцярожна забрала янота і адвезла ў прытулак — але зрабіла гэта толькі тады, калі жывёліна апрытомела і перастала выглядаць «пад градусам».
Ветэрынары агледзелі звярка і пацвердзілі, што фізічных траўмаў у яго няма, ён проста перабраў спіртнога. Найбольш яноту прыйшоўся даспадобы скотч — менавіта бутэлькі гэтага напою ён разбіў у найбольшай колькасці.
Запісы камер назірання зафіксавалі прыгоды «п’янага злодзея», але відэа размытае, таму дакладна вызначыць, колькі менавіта і чаго ён паспытаў, немагчыма.
У сацыяльных сетках крамы службе кантролю за жывёламі жартам падзякавалі за «прафесійную і цвярозую дастаўку дадому» незвычайнага госця. Інспектарка Саманта Марцін з гумарам адзначыла, што гэта «проста яшчэ адзін дзень на працы», і паабяцала, што служба кантролю зробіць усё магчымае, каб янот больш не шукаў сабе падобных прыгод.
Чытайце таксама:
Мілыя і вельмі блізкія: яноты могуць стаць наступнымі хатнімі гадаванцамі амерыканцаў