Гэтае кіно прыводзіць жанчын у захапленне, а мужчын — у шаленства. У пракаце новы фільм з лаўрэаткай «Оскара» Джэніфер Лоўрэнс
Стужка «Памры, маё каханне» (Die, My Love) аб’яднала суперзорак Джэніфер Лоўрэнс і Роберта Пацінсана ў гісторыі пра жаночую дэпрэсію і тое, як побыт забівае каханне.
Фота: кадр з трэйлера
Кніга Die, My Love аўтарства аргенцінкі Арыяны Харвіч выйшла яшчэ ў 2012 годзе, а праз некалькі гадоў адхапіла намінацыю на Букераўскую прэмію — несумненнае прызнанне ад крытыкаў. У свет кіно гэтая гісторыя трапіла праз кніжны клуб Марціна Скарсэзэ. Легендарны рэжысёр прачытаў раман і даслаў яго ў прадзюсарскую кампанію оскараўскай лаўрэаткі Джэніфер Лоўрэнс — так пачала фармавацца каманда кіношнікаў, якія і расказалі гэтую гісторыю.
Скарсэзэ спрадзюсіраваў стужку. У рэжысёркі паклікалі Лін Рэмсі, шатландку з любоўю да тэмаў нараджэння, смерці, віны і невінаватасці — ідэальны кактэйль для глыбокага псіхалагічнага кіно. А партнёрам Лоўрэнс на пляцоўцы стаў Роберт Пацінсан, зорка «Змяркання» — падлеткавага хіта з нулявых пра вампірскае каханне.
У апошнія гады Пацінсан выбірае праекты не для ўсіх: напрыклад, фантастычную чорную камедыю «Мікі 17» ці фільмы Крыстафера Нолана, у якога ён зняўся ў «Довадзе» і да якога вярнуўся дзеля ўдзелу ў «Адысеі». Не дзіва, што яму спадабаўся сцэнар «Памры, маё каханне».
Лоўрэнс і Пацінсан увасабляюць маладую пару. Іх героі, Грэйс і Джэксан, перабіраюцца з шумнага Нью-Ёрка ў штат Мантана. Яны селяцца ў доме на краі леса, які дастаўся Джэксану ў спадчыну, і плануюць сабе ціхае жыццё: Грэйс, пісьменніца, думае напісаць раман, а Джэксан — займацца музыкай.
Фота: кадр з трэйлера
Але ў іх з'яўляецца дзіця, і гэта пераварочвае ўсе планы. Пасля родаў Грэйс пагружаецца ў цяжкую дэпрэсію. Яе жыццё шэрае і адзінокае, яе мужчына пакідае яе надоўга дзеля працы, а калі вяртаецца, яшчэ больш ускладняе жыццё — напрыклад, прыносіць дахаты шумнага сабаку.
Грэйс адчувае, што ранейшае каханне некуды знікла. Разгублены Джэксан не ведае, што рабіць, і аддаляецца ад жанчыны, а яна сама крок за крокам занураецца глыбей у пастку ментальнай хваробы. Здаецца, адзіная, хто разумее стан Грэйс — яе свякроў Пэм, але і тая не можа дагрукацца да жанчыны.
Прэм'ера «Памры, маё каханне» прайшла ў Канах, і там гэты фільм ацанілі авацыямі. Аднак звычайнаму гледачу глядзець гэту стужку можа быць няпроста. Рэч не толькі ў складанай пабудове сюжэта са шматлікімі скачкамі ў мінулае.
Фота: кадр з трэйлера
Стужка Лін Рэмсі — эксперымент, у якім тая размывае межы паміж рэальнасцю і фантазіямі хворага розуму. Лес у полымі, таямнічы байкер, які пераследуе Грэйс, сустрэча з чорным канём — складана сказаць, што з гэтага было насамрэч, а што — таленавіта ўплеценыя ў сцэнар метафары псіхалагічнага крызісу, дзе сканчваецца чалавечае і пачынаецца жывёльнае.
Джэніфер Лоўрэнс за гэтую ролю ўжо прарочаць пятую ў яе жыцці намінацыю на «Оскар».
Герой Роберта Пацінсана і блізка не такі яркі, але ён дазваляе Лоўрэнс раскрывацца і дае ў супрацы з ёй тую хімію, без якой гэтая гісторыя была б немагчымая.
Рэмсі пазбягае ў фільме дыягназу «постродавая дэпрэсія», за які чапляліся шматлікія крытыкі, і часам намякае, што карані хваробы Грэйс ляжаць у яе ранейшым жыцці. І гэта дазваляе рабіць кіно не пра канкрэтны дыягназ, а даследаваць у ім саму з'яву вар'яцтва і той вялікі боль, які за ім стаіць.
Фота: кадр з трэйлера
Гэта яшчэ адна з прычын, чаму глядзець стужку некамфортна, бо яна — пра сутыкненне з чужым болем, з якім не надта шмат і зробіш і пра які, пра гэты жаночы боль, не так часта кажуць на экранах.
Застаецца адно — не адварочвацца і прапусціць той боль праз сябе.
Чытайце таксама:
Выходзіць фінал культавага серыяла «Вельмі дзіўныя справы». Гледачы абрынулі Netflix
Новы «Франкенштэйн» культавага Гільерма дэль Тора — бадай, самы прыгожы фільм года