Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі
Член Савета Рэспублікі і былы кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі «Бівер» з доляй у 25%, паведамляе «Бюро».
Брэнд «Бівер» асацыюецца з вытворчасцю нефільтраванага піва ў Мінску і Мінскім раёне з 1990‑х гадоў. ТДА «Піваварная кампанія Бівер» выступае юрыдычнай абалонкай гэтага бізнэсу з 2003 года, а праз далучэнне да яе СТАА «Мінскае піва» адбылася рэструктурызацыя актываў і перанос асноўнай вытворчай пляцоўкі ў Вялікае Сціклева.
Акрамя Баскава кампаніяй валодае венгерская «Зіптэх» (11,85%) і Дзяніс Сташкевіч (7,45%) — бізнэс-партнёр Баскава па шэрагу іншых праектаў: «Рэторсія Трэйд» і «ГрандХаузІнжэнірынг». Кантрольны пакет на бровар застаўся ў кампаніі «Бівер клуб» (55,7%), звязанай з сям’ёй Бабровічаў, заснавальнікамі піваварні «Бівер».