Макрон заклікаў Сі Цзіньпіна садзейнічаць спыненню вайны ва Украіне
Прэзідэнт Францыі заклікаў Кітай садзейнічаць пошуку мірнага шляху спынення вайны ва Украіне.
Adek Berry-Pool/Getty Images
Падчас прэс-сустрэчы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам у Вялікім народным палацы ў Пекіне ў чацвер Макрон выказаў надзею, што Пекін далучыцца да намаганняў Францыі, накіраваных на тое, каб як мага хутчэй дабіцца хаця б прыпынення расійскіх удараў па крытычнай інфраструктуры Украіны, піша Deutsche Welle.
Ён таксама адзначыў, што Францыя і Кітай як пастаянныя члены Рады Бяспекі ААН нясуць асаблівую адказнасць.
Сі Цзіньпін зноў заявіў пра імкненне Пекіна дамагацца міру ва Украіне і запэўніў, што Кітай працягне граць канструктыўную ролю. Пры гэтым кітайскі лідар адхіліў спробы ўскласці адказнасць за вайну на адзін з бакоў.
Кітай лічаць найважнейшым прыхільнікам Расіі ў развязанай ёю вайне супраць Украіны. Паміж Пекінам і Масквой захоўваюцца актыўныя кантакты і гандаль. Кітай не асудзіў узброенае ўварванне і фактычна падтрымлівае РФ сваёй пазіцыяй. Акрамя таго, Пекіну ставяць у віну пастаўкі тавараў двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя расійскім ваенна-прамысловым комплексам.
Перад паездкай у Кітай Макрон і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркавалі ў Парыжы з саюзнікамі стан перамоваў аб спыненні вайны.
Эмануэль Макрон знаходзіцца ў Кітаі ўжо з чацвёртым дзяржаўным візітам. Сі Цзіньпін і ягоная жонка Пэн Ліюань віталі Макрона з яго жонкай Брыжыт у Вялікім народным палацы. Прэзідэнта Францыі суправаджае дэлегацыя колькасцю каля 80 чалавек, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі буйнога бізнэсу.