14‑гадовую школьніцу затрымалі за распаўсюд наркотыкаў, ёй пагражае да 20 гадоў
У Бабруйску супрацоўнікі наркакантролю затрымалі школьніц 13 і 14 гадоў, паведамляе МУС.
«Малодшую затрымалі на месцы злачынства ў момант выканання чарговага задання. Прапанову пра злачынны заробак васьмікласніца знайшла ў інтэрнэце. Прайшоўшы навучанне, яна працаўладкавалася оптава-рознічным кур’ерам: забірала буйныя партыі «тавару», фасавала і распаўсюджвала праз закладкі па горадзе», — паведамляе ведамства.
Паведамляецца, што пры дзяўчынцы, а таксама ў тайніках было знойдзена і канфіскавана асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Акрамя гэтага, у яе тэлефоне была знойдзена перапіска з дзяўчынкай з дзявятага класа, якую затрымалі праз пару гадзін. Яны паспелі працаваць на наркамаркет каля двух тыдняў.
«У адносінах да старэйшай з паплечніц заведзена крымінальная справа, ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Малодшая на працягу года будзе знаходзіцца на індывідуальным прафілактычным уліку. Яе бацькоў прыцягнуць да адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні дачкі», — паведамляе МУС.