БЕЛ Ł РУС

«Спачатку тры гадзіны мы сядзелі ў самалёце». Як беларусы пакутуюць праз рэгулярнае закрыццё аэрапорта ў Вільні

4.12.2025 / 11:45

Nashaniva.com

Больш за ўсё не шанцуе тым, хто ўжо рыхтаваўся ўзлятаць у аэрапорце Вільні, але яго закрываюць у апошні момант. Тады пачынаецца хаос, піша BGmedia.

У апошнія месяцы аэрапорт Вільні перыядычна закрываюць з-за метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія запускаюць з Беларусі. І гэта прыносіць вялізны дыскамфорт усім, хто лётае на самалётах. Рэйсы адмяняюць, затрымліваюць, перанакіроўваюць. Сярод пацярпелых і беларусы. BGmedia сабрала гісторыі, якімі яны дзяліліся ў чатах.

Як беларусы спраўляюцца з рэгулярным закрыццём аэрапорта Вільні

Больш за ўсё не шанцуе тым, хто ўжо рыхтаваўся ўзлятаць у аэрапорце, але яго закрываюць у апошні момант. Для такіх людзей падарожжа расцягваецца надоўга.

Гісторыя беларуса: «Гэта была несупынная весялосць. У мяне самалёт якраз у 19.10 павінен быў вылятаць. А закрылі паветраную прастору ў 18.55, але пра гэта не адразу стала вядома. Спачатку мы сядзелі тры гадзіны ў самалёце, потым у 22.00 нас адправілі назад у тэрмінал.

Усе рэйсы адменены, хаос поўны. Недзе да гадзіны ночы стала вядома, што наш рэйс перанесены на раніцу. Ля стоек Ryanair натоўп людзей, каб атрымаць ваўчар на гатэль. Спачатку сказалі, што пакояў няма, потым да 2 гадзін ночы зноў сталі раздаваць. Увогуле, у 03.00 мы засяліліся, у 06.30 усталі на рэйс, але ўсё роўна лепш, чым у аэрапорце спаць. Усе пазнаёміліся і пасябравалі. Рэйс вылецеў у 10.30 у выніку.

Ад Ryanair павінны прыходзіць СМС, але яны прыходзяць часам не ўсім і часткова. Не ведаю, ад чаго гэта залежыць, мне палова СМС не прыйшла. У СМС указана, што на ваш boarding pass прыйшлі грошы, каб купіць папіць і паесці. Ноччу гэта было 4 еўра, раніцай 13 еўра. Можа, камусьці дапаможа гэтая інфармацыя, проста падыходзьце ў кавярню ў тэрмінале і дайце ім прасканаваць свой boarding pass, на ім будзе бачна, колькі грошай прыйшло. Гэта на выпадак, калі хтосьці ў гэтай сітуацыі апынецца. Думаю, гэта не ў апошні раз было».

Складаная сітуацыя і ў тых, хто збіраўся ляцець у Вільню і адтуль ехаць на аўтобусе ў Беларусь, а аэрапорт закрылі. Пасажыры сядзяць гадзінамі ў чаканні свайго рэйса. І дзеляцца лайфхакамі, як зэканоміць у такіх сітуацыях:

«У мяне затрымалі рэйс з Франкфурта ў Вільню ажно на 4 гадзіны, таму што зноў віленскі аэрапорт не працаваў з-за кантрабандных шароў. Я першапачаткова брала аўтобус па часе, каб было каля 6 гадзін паміж прылётам і аўтобусам. Не забывайце, што цяпер зіма. Рэйсы на вылет могуць затрымаць з-за снегу і іншых умоў надвор'я. Лепш рабіце запас часу».

«Сяджу ў аэрапорце Дубліна. Затрымку рэйса ў Вільню абвясцілі два разы. Агулам ужо больш за тры гадзіны затрымкі. Добра, што білет на аўтобус не ўзяла».

Крыху больш шанцуе тым, чые рэйсы пераносяць у аэрапорт Каўнаса. Тады план паездкі не канчаткова рушыцца. Тым больш, што людзей завозяць у гэты аэрапорт:

«Нам учора прапанавалі альтэрнатыву — адвезлі ў Каўнас і вылет у выніку адбыўся адтуль, замест Ryanair былі венскія авіялініі. Ноч была цяжкай з-за закрыцця аэрапорта».

«Мы ўжо з Вільні грузімся ў аўтобус у Каўнас. Адтуль паляцім у пункт прызначэння. Арганізаваў усё аэрапорт».

Але ў некаторых усё ж узнікаюць праблемы з тым, каб дабрацца з Каўнаса ў Вільню. Сістэма кампенсацыі сродкаў адладжана неідэальна:

«У мяне была такая сітуацыя, кампенсацыя — білет на аўтобус да Вільні за 7 еўра. Шукалі і лавілі білеты на «Экалайнс» самі, білет быццам быў 7 еўра — і гэта ўсё, што маглі кампенсаваць, не таксі!

Аўтобус нам не прадаставілі, спаслаўшыся на тое, што шмат рэйсаў пасадзілі ў Рызе, і, маўляў, няма свабодных аўтобусаў. Ні вады, ні ежы не было, але я была першаадкрывальнікам, скажам так, у кастрычніку…

Плюс страчаны білет Вільня — Мінск, плюс купляла новы… але гэта ўжо мая праблема, яны толькі да Вільні, так павінны нібыта ж былі сесці ў Вільні, гэты пункт канчатковы, і толькі за аўтобус!»

Беларусы зараз вывучаюць прагноз надвор'я, каб ацаніць верагоднасць закрыцця аэрапорта Вільні

Мяркуючы па паведамленнях у прыгранічных чатах, беларусы актыўна цікавяцца метэазондамі з кантрабандай з Беларусі. Некаторыя нават пачалі глядзець прагноз надвор'я і звяртаць увагу на напрамак і хуткасць ветру, каб ацэньваць верагоднасць закрыцця аэрапорта.

Прагноз ветру ў бок Вільні

Некаторыя аналізуюць закрыццё аэрапорта і ацэньваюць верагоднасць, калі ён дакладна будзе працаваць.

«Трэба яшчэ ўлічыць, што ў аўторак, сераду і чацвер шары не запускаюць, адпачынак у людзей».

«Я не паленавалася і сабрала на афіцыйным сайце аэрапорта ўсе рэйсы за апошнія 2 месяцы, каб спаць перад паездкай спакойна».

«Шары ляцяць з вечара, так што самыя верагодныя вокны на закрыццё аэрапорта — гэта з 18.00 да 7 раніцы».

«Калі нешта ляціць у напрамку да аэрапорта, то закрываюць. Апошнім часам нават да 5—7 раніцы. А вось што з адменай — гэта як пашанцуе, калі закрыюць да палёту, то, хутчэй за ўсё, адмена/перанос, калі падчас палёту, то могуць накіраваць у Каўнас ці Рыгу, так і назад у месца вылету».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула