Малайзія аднаўляе пошукі MH370 праз 10 гадоў пасля знікнення авіялайнера
Пошукі абломкаў Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH370 з Куала-Лумпура ў Пекін, адновяцца 30 снежня — праз больш як 10 гадоў пасля знікнення самалёта, на борце якога былі 239 чалавек. Пра гэта паведамілі ўлады Малайзіі, піша Бі-бі-сі.
Фота: Wikimedia Commons
Гэта працяг пошукаў, якія пачаліся ў сакавіку гэтага года, але хутка былі прыпыненыя праз дрэнныя ўмовы надвор’я. Як плануецца, пошукавая аперацыя будзе доўжыцца 55 дзён. Дзе менавіта будуць праводзіцца пошукі, не паведамляецца.
«Апошнія падзеі падкрэсліваюць памкненні [Малайзіі] забяспечыць падтрымку сем’ям, пацярпелым ад гэтай трагедыі», — заявілі ў сераду ў Міністэрстве транспарту, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Самалёт Boeing 777, які выконваў рэйс MH370, знік 8 сакавіка 2014 года. Пасля загадкавага знікнення лайнера пачаліся адныя з самых маштабных і дарагіх пошукаў у гісторыі авіяцыі.
Пошукі вядзе кампанія Ocean Infinity. Умовы кантракту прадугледжваюць, што кампанія не атрымае ніякага грашовага ўзнагароджання ў выпадку, калі абломкі лайнера не будуць знойдзеныя.
У выпадку выяўлення абломкаў Ocean Infinity атрымае 70 млн даляраў, аб гэтым раней заявіў міністр транспарту Малайзіі.
У пошуках, якія пачаліся пасля знікнення лайнера, бралі ўдзел многія краіны: было задзейнічана каля 60 судоў і 50 самалётаў з 26 дзяржаў. Тысячы акіяна-даследчыкаў, інжынераў-авіяканструктараў і аматараў-пашукавікоў вывучалі фрагментарныя даныя пра палёт, спрабуючы вызначыць, дзе ён перапыніўся.
У ліпені 2015 года былі знойдзеныя некалькі моцна пашкоджаных абломкаў на беразе вострава Рэюньён у Індыйскім акіяне на ўсход ад Мадагаскара. Пошукі былі завершаныя толькі ў студзені 2017 года.
Паўторныя пошукі, распачатыя ў студзені 2018 года Ocean Infinity, таксама завяршыліся безвынікова праз шэсць месяцаў.
Самалёт, які выконваў рэйс MH370, знік праз гадзіну пасля ўзлёту 8 сакавіка 2014 года. Boeing 777-200, на борце якога былі 227 пасажыраў і 12 членаў экіпажу, павінен быў перасекчы паветраную прастору В’етнама і з нейкай прычыны рэзка змяніў курс, пасля чаго сувязь з дыспетчарамі была перарваная.
Даныя радараў сведчаць, што лайнер адхіліўся ад першапачатковага маршруту. Пасля пошукаў 2018 года СМІ са спасылкай на экспертаў пісалі, што адхіленне ад маршруту, магчыма, было наўмысным.
Не выключаецца, што экіпаж з нейкай прычыны наўмысна накіраваў самалёт да мяжы зон адказнасці авіядыспетчараў Тайланда і Малайзіі, дзе лайнер мог застацца незаўважаным радарамі адной або іншай краіны.
Знікненне самалёта Malaysia Airlines застаецца адной з самых загадкавых авіяцыйных катастроф. Усе гэтыя гады гучаць заклікі да працягнення пошукаў.
Знікненне лайнера таксама спарадзіла мноства тэорый змовы, у тым ліку здагадкі, што пілот мог наўмысна справакаваць катастрофу або што лайнер быў захоплены.
У 495‑старонкавым дакладзе аб знікненні, выдадзеным у 2018 годзе, гаворыцца, што кіраванне Boeing 777, магчыма, было наўмысна змененая з мэтай адхілення ад курсу. Следчыя тады заявілі, што адказ можа быць канчатковым толькі пасля таго, як будуць знойдзеныя абломкі.