БЕЛ Ł РУС

У Польшчы беспрацоўны ўдарыў беларускага доктара за тое, што той адбірае працу ў палякаў

3.12.2025 / 13:30

Nashaniva.com

Суд Беластока прыгаварыў жыхара Сувалак да года турмы за напад на беларускага доктара. На нацыянальнай глебе ён ударыў беларуса ў твар — так, што ў мужчыны ацякло правае вока, вынікае з рашэння суда, піша «Мост».

Інцыдэнт здарыўся ўвечары 29 студзеня гэтага года. Тады мужчыны сустрэліся выпадкова, выгульваючы сабак. Спачатку гадаванец паляка напаў на сабаку беларуса. А пасля гэтага паляк, пачуўшы акцэнт, ударыў беларуса ў твар і ў непрыстойнай форме запатрабаваў ад таго з'ехаць з Польшчы — паводле яго слоў, замежнікі забіраюць працоўныя месцы ў палякаў.

Пацярпелы беларус працуе ў Польшчы доктарам. Нападнік — беспрацоўны жыхар Сувалак, які злоўжывае алкаголем і неаднаразова прыцягваўся да адказнасці.

Апеляцыйны суд Беластока прыгаварыў нападніка да года пазбаўлення волі. Акрамя таго, ён мусіць выплаціць пацярпеламу кампенсацыю шкоды ў памеры 1 тыс. злотых (800 рублёў), а таксама не павінен кантактаваць з ім і набліжацца да яго бліжэй чым на 30 метраў на працягу трох гадоў.

Суддзя Януш Суліма заявіў, што злачынствы на нацыянальнай і рэлігійнай глебе небяспечныя для грамадства, а вынесены прысуд павінен паўплываць як на абвінавачанага, так і на грамадства ў цэлым.

— Павінен пайсці сігнал, што такія дзеі шкодныя для грамадства, дрэнна сведчаць аб нашым грамадстве. Неабходна таксама зразумець тое, як мог адчуваць сябе сам пацярпелы, які прыехаў у Польшчу, з'яўляецца лекарам, лечыць у шпіталі, — сказаў суддзя.

Чытайце таксама:

Даследаванне: як жывуць і зарабляюць беларусы ў Польшчы

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы

У якіх краінах беларусам можна хутчэй атрымаць грамадзянства?

Каментары да артыкула