БЕЛ Ł РУС

Маркі з работамі Рубенса і хатнія музеі. Беларускія энтузіясты збіраюць незвычайныя калекцыі

2.12.2025 / 23:5

Nashaniva.com

Адныя аматары збіраюць маркі, манеты, значкі, а іншыя аддаюць перавагу чамусьці больш незвычайнаму — гузікам, калготкам, прасам. Аднак кожны збор — своеасаблівае даследаванне. Калекцыянер, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання калекцыянераў Барыс Васільеў расказаў агенцтву «Мінск-Навіны» пра лёс некаторых збораў беларускіх энтузіястаў.

З Рубенсам па жыцці

У школьныя гады Барыс Васільеў заглыбіўся ў свет калекцыянавання: спачатку захапіўся маркамі пра СССР, а пасля стаў збіраць аналагічныя вырабы з рэпрадукцыямі нідэрландскага жывапісца Пітэра Паўля Рубенса.

У гомельскім палацы культуры чыгуначнікаў наведваў філатэлістычны гурток. Да гэтага часу калекцыянер з цяплом успамінае кіраўніка Міхаіла Шыфрына, або, як яго называлі юныя энтузіясты, дзядзьку Мішу.

На пытанне, чаму выбар прыпаў менавіта на Рубенса, суразмоўца жартуе: «Напэўна, спадабаліся пышныя формы намаляваных жанчын».

Жарты жартамі, але Барыс Васільеў з маркамі па матывах работ Рубенса пабываў і на міжнародных выставах.

«Цяпер у маёй калекцыі паўтары тысячы марак і каля 200 паштовак! — з гонарам кажа ён. — Чым цікавае калекцыянаванне? Даследаваннем пэўнай тэмы, вывучэннем гісторыі прадмета. Пад кожнай маркай я пазначаў назву рэпрадукцыі (ці яе фрагмента), год стварэння, месца экспанавання і кароткае апісанне (калі гэта да месца). Шчыра кажучы, у маім доме — своеасаблівая карцінная галерэя».

Такія розныя: прасы «з душой», для жабо і капелюшоў

Акрамя міні-карцін (так суразмоўца называе маркі і паштоўкі), ён яшчэ збірае і старадаўнія прасы. У калекцыі маюцца драўляныя, каменныя, суцэльналітыя, на вуголлі, «з душой» (з металічнай устаўкай), на вадкім паліве, на пары, кіпені, на газе.

Варта згадаць і шкляныя прасы. Іх не награваюць, але яны прасуюць! Першы маленькі прасік, які і паклаў пачатак вялікай калекцыі, Васільеў прывёз з Санкт-Пецярбурга.

«У сярэдзіне 1990‑х гадоў, шпацыруючы па Неўскім праспекце, заўважыў пажылую крамніцу, якая выставіла на століку розныя рэчы. Сярод іх упершыню ўбачыў старадаўні прас на вадкім паліве (залівалі газу, бензін, спірт. — заўв. аўтара)», — усміхнуўся суразмоўца.

Прас на вадкім паліве

«У 1913 годзе спіртавы прас каштаваў 10 рублёў. На гэтыя грошы можна было купіць 10 прасаў на вуголлі, 10 авечак і трох кароў. Ці за пяць рублёў зняць на месяц мэбляваны пакой у Маскве», — дзеліцца калекцыянер.

Дарэчы, Барыс Васільеў набыў знаходку за 20 даляраў. Самотны прасік некалькі гадоў прастаяў на кухні…

«А потым я захапіўся калекцыянаваннем да такой ступені, што вымушаны быў прадаць машыну, каб разлічыцца з абавязкамі за прасы. На сайтах скупіў іх вельмі шмат!» — смяецца ён.

У зборы — 1 300 прасаў, і многія з іх аб'ездзілі амаль усю Беларусь. Сярод незвычайных экспанатаў суразмоўца вылучыў наступныя:

«Прасам-гафратарам з XVI да сярэдзіны XVIII стагоддзя адпрасоўвалі жабо. Нягледзячы на змены модных тэндэнцый, яму ўдалося дажыць да 1920‑х гадоў. Прасам «Стрэлка» разгладжвалі падоўжаныя зморшчыны на штанах, а капялюшны выкарыстоўваўся мадысткамі ў майстэрнях».

Прас-гафратар

Прас для цыліндраў

Флутар (для плісэ)

Шкляны прас у форме перакуленага грыба, аказваецца, вядомы з часоў вікінгаў. Пра гэта сведчаць падобныя прадметы са шклопадобнага матэрыялу, знойдзеныя ў магілах скандынаўскіх мараходаў.

Шкляны прас

У дар

Многія энтузіясты маюць велізарныя зборы, якія каштуюць вялікіх грошай. Але, на жаль, не заўсёды знаходзяць падтрымку ў сваіх родных і блізкіх.

Як складваюцца лёсы калекцый? Адныя людзі імкнуцца часткова прадаць іх, іншыя пакідаюць у спадчыну дзецям і ўнукам. А ёсць і тыя, хто аддае ў дар музеям.

«Мы стараемся завязваць сувязі з музеямі па ўсёй краіне, каб як мага больш людзей убачылі каштоўныя экспанаты. Напрыклад, знакаміты калекцыянер Андрэй Фішбайн многія гады супрацоўнічае з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем, а дзякуючы не менш вядомаму збіральніку Віктару Майсіёнку вайсковы камісарыят Мядзельскага раёна прадставіў экспазіцыю, прысвечаную гісторыі Першай сусветнай вайны, — кажа Барыс Васільеў.

У Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне калекцыянераў, якому ў гэтым годзе споўнілася 45 гадоў, уваходзіць ганаровы член аб'яднання, 86‑гадовы нумізмат Аляксандр Арлоў. Больш за 500 манет «Дзеячы мастацтва і культуры на манетах» ён падарыў Музею гісторыі горада Мінска.

Таксама ў гэтым годзе ўстанова папоўнілася палявой поштай часоў Другой сусветнай вайны. Яшчэ адзін значны ўдзельнік аб'яднання, філатэліст Дзмітрый Нарышкін, аддаў у дар больш за 120 франтавых лістоў.

Пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва музеяў і калекцыянераў Барыс Васільеў гаворыць наступнае:

«Адзін вядомы чалавек аднойчы сказаў: «Калекцыянер — першая ячэйка музея». Ён перш за ўсё даследчык. Збіральнік можа пазначыць тэму і аддаць каштоўныя рэчы супрацоўнікам установы. А яны, у сваю чаргу, пашыраць яе, дапрацуюць і прадставяць экспазіцыю наведвальнікам. Усе задаволеныя!»

Хатнія музеі

«У таварыстве налічваецца больш за 220 кірункаў калекцыянавання, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў рускамоўным сегменце, — працягнуў суразмоўца. — Адна з незвычайных калекцый належыць мужчыну з Вілейкі. Ён збірае гузікі з металу, дрэва, скуры, шкла, керамікі, натуральных ракавін… Было б выдатна, калі б філабутаніст выдаў кнігу «Гісторыя гузікаў»!

Фалерыст Валянцін Авілаў 30 гадоў праслужыў на касмадроме «Байканур». У яго самая вялікая фалерыстычная калекцыя ў Беларусі — больш за пяць тысяч значкоў на тэму космасу! За апошнія пяць гадоў энтузіяст сабраў больш за 600 значкоў пра Мінск.

«Кобрынец Сяргей Янюк на сваім участку ў 25 сотак пабудаваў некалькі зашклёных альтанак. У іх прадставіў экспазіцыю, прысвечаную Кобрынскаму краю. Да яго любяць зазіраць школьнікі, — усміхаецца калекцыянер. — А былога педагога Ніну Анішчык ведаюць усе жыхары Слоніма. Мне ўдалося пабываць у кватэры-музеі. У пярэднім пакоі сустракаюць самавары, гадзіннікі, прасы і іншыя старадаўнія прадметы, у адным пакоі можна даведацца пра Першую і Другую сусветныя войны, а іншая прысвечана краязнаўству».

Больш ведаў!

«Я на пенсіі, але арганізацыйная і выставачная дзейнасць займае амаль увесь мой час! — усміхаецца Васільеў. — З выставамі мы ездзім па гарадах Беларусі, праводзім сустрэчы, на якіх расказваем пра свае знаходкі і набыткі. Летась у сталічнай сярэдняй школе № 2 адкрылі музей «Старонкі гісторыі тканіны і прасавання».

Музейная экспазіцыя прысвечаная працэсу стварэння тканіны нашымі продкамі, а таксама гісторыі прасавання ад старажытных часоў да сучаснасці. У ім прадстаўлена 150 прасаў з маёй калекцыі. Радуе, што цікавасць праявілі не толькі настаўнікі гісторыі, але і выкладчыкі іншых дысцыплін».

Напрыклад, Барыс Васільеў і настаўнік фізікі вышэйзгаданай навучальнай установы ў музеі «Лошыцкая сядзіба» правялі майстар-клас для дзяцей. Калекцыянер расказваў дзецям пра прасы, а выкладчык — пра фізічныя працэсы, якія адбываюцца з тканінай пры прасаванні. Выступоўцы прадэманстравалі працу прасаў «Стрэлка», шклянога і іншых.

У планах — адкрыць музей гісторыі калекцыянавання ў сярэдняй школе № 81 імя Альшэўскага.

Чытайце таксама:

У Гродне знайшлі незвычайныя 500 еўра, на іх палююць калекцыянеры

З еўрапейскіх бібліятэк скралі каля 170 рэдкіх кніг Пушкіна і іншых расійскіх класікаў. Навошта — ніхто не ведае

Жыхар Смаргонскага раёна зрабіў музей на сцяне адрыны

У Мінску калекцыянер прадаў чужыя карціны, перададзеныя яму на ацэнку

Прадаюць калекцыю, канфіскаваную ў Бабарыкі. А што стала з творамі, якія канфіскоўвалі нацысты?

Каментары да артыкула