БЕЛ Ł РУС

Перад сустрэчай з Уіткафам і Кушнерам Пуцін заявіў, што гатовы да вайны з Еўропай

2.12.2025 / 19:12

Nashaniva.com

Пасля выступлення на форуме «Расія кліча», адкуль прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін накіраваўся на сустрэчу з пасланцамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам, ён зрабіў жорсткія заявы адносна ходу вайны і пазіцыі еўрапейскіх краін у перамовах па Украіне.

Уладзімір Пуцін. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP

Па словах Пуціна, Еўропа «жыве ілюзіямі» адносна магчымасці стратэгічнай паразы Расіі. На яго думку, еўрапейцы самі сябе выключылі з перамоўнага працэсу і цяпер перашкаджаюць адміністрацыі Дональда Трампа дамаўляцца. Як лічыць Пуцін, краіны ЕС займаюць бок вайны, а іх прапановы толькі блакуюць магчымы мір.

Еўрапейскія ініцыятывы Пуцін назваў непрымальнымі. З яго слоў, яны спецыяльна выстаўляюць патрабаванні, якія Расія не можа прыняць, каб пасля абвінаваціць Маскву ў зрыве перамоў.

Расія ж нібыта гатовая да перамоваў, але «на базе рэальнасці». Калі Еўропа захоча вярнуцца да дыялогу, улічваючы сітуацыю «на зямлі», то Масква «не супраць».

Пры гэтым Расія, маўляў, не хоча вайны з Еўропай, але гатовая да яе ў любы момант. Калі ж еўрапейскія краіны пачнуць ваенны канфлікт, то Маскве вельмі хутка «не застанецца з кім дамаўляцца».

«Калі Еўропа раптам захоча з намі ваяваць — і пачне — мы гатовыя проста цяпер. Тут не можа быць ніякіх сумневаў. Толькі пытанне ў чым: калі Еўропа раптам пачне з намі вайну, то, мне здаецца, што вельмі хутка… Гэта ж не Украіна, з Украінай мы дзейнічаем хірургічным спосабам, акуратненька — гэта не вайна ў прамым сучасным сэнсе гэтага слова. Калі Еўропа раптам захоча пачаць з намі вайну — і пачне яе — то вельмі хутка можа адбыцца сітуацыя, пры якой нам не будзе з кім дамаўляцца», — заявіў Пуцін.

Удары па расійскіх танкерах у Чорным моры Пуцін ацаніў як «пірацтва». Калі такія атакі працягнуцца, то Расія, маўляў, можа «адрэзаць Украіну ад мора».

Чытайце таксама:

Пуцін сёння сустрэнецца і з Уіткафам, і з зяцем Трампа Кушнерам

Уіткаф ляціць у Маскву

Перад прыездам Уіткафа Пуціну далажылі пра захоп Пакроўска і Ваўчанска. Пацвярджэнняў гэтаму няма

Сёння Трамп зробіць заяву для прэсы

Пуцін: Баявыя дзеянні спыняцца, калі УСУ пакінуць свае пазіцыі

Каментары да артыкула