БЕЛ Ł РУС

У Нью-Ёрку пачынаецца працэс над Луіджы Манджоне. Яго абвінавачваюць у забойстве кіраўніка страхавой кампаніі, якое ўсхвалявала ЗША

2.12.2025 / 11:12

Nashaniva.com

Яшчэ да яго затрымання смерць высокапастаўленага страхоўшчыка выклікала ў ЗША хвалю злараднасці, прадэманстраваўшы незадаволенасць многіх амерыканцаў недаступнасцю медыцыны. Манджоне пагражае смяротнае пакаранне.

Фота: Steven Hirsch-Pool / Getty Images

У судзе Нью-Ёрка пачаліся папярэднія слуханні па справе аб забойстве ў снежні 2024 года кіраўніка страхавой кампаніі UnitedHealthcare Браяна Томпсана. Абвінавачанне выстаўлена 27‑гадоваму Луіджы Манджоне, яму можа пагражаць смяротнае пакаранне, піша Бі-бі-сі.

Яшчэ да яго затрымання смерць высокапастаўленага страхоўшчыка падняла ў ЗША хвалю зларадства, прадэманстраваўшы незадаволенасць многіх амерыканцаў недаступнасцю медыцыны.

Папярэднія судовыя слуханні, якія пачаліся ў Нью-Ёрку, павінны ўстанавіць, ці можа суд разглядаць матэрыялы допыту Манджоне, які быў праведзены адразу пасля яго затрымання ў пачатку снежня 2024 года ў McDonald's у горадзе Алтуна ў штаце Пенсільванія, а таксама далучыць да справы ў якасці рэчыўных доказаў знойдзеныя ў яго тады пры сабе рэчы — нататнік, пісталет і т.л.

Абарона Манджоне настойвае, што сам допыт быў праведзены з парушэннем працэдуры, у прыватнасці, яму не было абвешчана аб яго правах, у тым ліку аб праве не сведчыць супраць сябе (так званае правіла Міранды).

Менавіта тады, лічаць адвакаты, следства атрымала найважнейшыя для справы матэрыялы, якія ў тым ліку праліваюць святло на магчымы матыў злачынства, адзначае Reuters: у нататніку Манджоне нібыта была знойдзена тлумачальная запіска.

На слуханнях у судзе адзін з паліцэйскіх паказаў, што неўзабаве пасля затрымання Манджоне сам, без падказкі, расказаў яму, што ў яго ў заплечніку ляжыць пісталет, надрукаваны на 3D-прынтары. Адвакаты ставяць пад сумнеў, што Манджоне мог сам паведаміць аб сабе такую кампраметуючую інфармацыю, мяркуючы, што яго дапытвалі, не паведаміўшы яму аб яго правах, паведамляе Reuters.

Манджоне выставілі абвінавачванні ў наўмысным забойстве як на ўзроўні штата, так і на федэральным узроўні. У штаце Нью-Ёрк, дзе быў забіты Томпсан, смяротнае пакаранне забаронена, абвінавачанне на ўзроўні штата пагражае Манджоне пажыццёвым зняволеннем.

Аднак на федэральным узроўні за такое злачынства зламыснік можа быць асуджаны на смяротнае пакаранне, і абвінавачанне ўжо заявіла, што плануе запытаць менавіта вышэйшую меру пакарання.

Акрамя забойства, Манджоне абвінавачваецца таксама ў незаконным вырабе зброі, падробцы дакументаў і шэрагу іншых злачынстваў. Аднак выстаўленае супраць яго раней абвінавачанне ў тэрарызме было знята.

Дата разгляду справы па сутнасці яшчэ не прызначана, чакаецца, што працэс пачнецца ў 2026 годзе.

Манджоне не прызнае сябе вінаватым па ўсіх артыкулах абвінавачвання.

Манджоне, выхадзец з заможнай сям'і і выпускнік прэстыжнага ўніверсітэта з Лігі плюшчу (аб'яднанне васьмі вядомых універсітэтаў на паўночным усходзе ЗША, куды ўваходзяць у тым ліку Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі і Прынстанскі ўніверсітэты) быў затрыманы пасля некалькіх дзён актыўных пошукаў. Яго апазналі наведвальнікі McDonald's па распаўсюджаным паліцыяй кадры з камер вонкавага назірання.

Томпсан, кіраўнік найбуйнейшай у ЗША медыцынскай страхавой кампаніі UnitedHealthcare, быў застрэлены 4 снежня 2024 года ў цэнтры Нью-Ёрка.

Паліцыя, як паведамлялі СМІ са спасылкай на праваахоўнікаў, знайшла гільзы, на якіх нібыта былі маркерам напісаны словы Deny, Defend, Depose (Адмаўляй, Абараняйся, Ліквідуй). Яны абыгрываюць фразу, якая, на думку пацярпелых ад адмоваў страхоўшчыкаў аплаціць лячэнне, апісвае іх стратэгію: Delay, Deny, Defend (Зацягвай. Адмаўляй. Абараняйся).

Генпракурор ЗША Пэм Бондзі назвала забойства Томпсана «халаднакроўным, добра падрыхтаваным злачынствам, якое ўзрушыла Амерыку».

Яшчэ да затрымання Манджоне ў сацсетках і ў пабліках сталі з'яўляцца рэплікі ў яго падтрымку ад амерыканцаў, незадаволеных высокім коштам медыцынскіх паслуг у ЗША і недаступнасцю медстрахавання для многіх сацыяльных груп.

UnitedHealth Group, куды ўваходзіла кампанія, якую ўзначальваў Томпсан, была вымушана абмежаваць магчымасць пісаць каментары пад допісамі пра яго гібель у сваіх афіцыйных акаўнтах у сацсетках пасля таго, як карыстальнікі пакінулі пад імі тысячы смайлікаў і эмодзі з апладысментамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула