БЕЛ Ł РУС

Тысячагадовыя фібулы знайшлі ў Брэсцкай вобласці. Іх стварылі венеды і готы

2.12.2025 / 13:22

Ф. Раўбіч

Фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў 2025 годзе папоўніліся каштоўнымі археалагічнымі знаходкамі. Жыхары вобласці знайшлі і перадалі ва ўстанову культуры старажытныя бронзавыя фібулы — зашпількі для адзення, якім нашмат больш за тысячу гадоў. Навінкі ўжо стаяць у экспазіцыі археалагічнага музея «Берасце».

Фібула IV—III стагоддзяў да н. э. з Выгнанкі (злева) і фібула канца I — пачатку II стагоддзя н. э. з Вялікіх Радванічаў (справа). Фота: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей

Сярод перададзеных артэфактаў спецыялісты вылучаюць два прадметы, якія адносяцца да розных гістарычных эпох, паведамляе тэлеканал АНТ. 

Першая рэліквія — фібула, якая датуецца IV—III стагоддзямі да нашай эры. Яе знайшлі ў Камянецкім раёне каля вёскі Выгнанка. На думку навукоўцаў, гэты прадмет належыць да паморскай культуры.

Фібула IV—III стагоддзямі да н. э. з Выгнанкі адносіцца да паморскай археалагічнай культуры, якую атаясамліваюць з венедамі. Скрыншот відэа

Другая знаходка была зроблена недалёка ад вёскі Вялікія Радванічы Брэсцкага раёна. Гэта фрагмент фібулы канца I — пачатку II стагоддзя нашай эры. Спецыялісты мяркуюць, што яна можа адносіцца да пшэворскай альбо вельбарскай культур.

Фібула канца I — пачатку II стагоддзя н. э. з Вялікіх Радванічаў адносіцца да пшэворскай альбо вельбарскай культур. Вельбарскую археалагічную культуру атаясамляюць з готамі. Скрыншот відэа

Загадчык філіяла абласнога краязнаўчага музея «Берасце» Раман Сыч патлумачыў значэнне гэтых культур для гісторыі рэгіёна:

«Некаторыя атаясамліваюць паморскую культуру менавіта з такім народам, як венеды. Калі ж браць вельбарскую культуру — гэта культура, якую можна суадносіць з готамі. Гэтыя артэфакты дазваляюць нам лепш разумець, дзе жылі плямёны. Адпаведна, археолагі, атрымаўшы гэтую інфармацыю і прадметы, змогуць правесці свае даследаванні на канкрэтным месцы, магчыма, нават археалагічныя раскопкі».

Фібулы служылі не толькі як зашпількі для адзення, але і як упрыгожванні. Яны актыўна выкарыстоўваліся аж да Сярэднявечча, пакуль ім на змену не прыйшлі гузікі.

Для даследчыкаў такія знаходкі маюць асаблівую каштоўнасць. Мода на формы фібул мянялася даволі часта, таму для навукоўцаў яны з'яўляюцца надзейным храналагічным індыкатарам. Дзякуючы ім можна дакладна датаваць цэлыя культурныя пласты.

Усяго ж у 2025 годзе музейныя фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея папоўнілі больш за 680 экспанатаў. Сярод іх не толькі археалагічныя знаходкі, але і дакументы, фатаграфіі, адзенне і прадметы быту розных часоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула