БЕЛ Ł РУС

У Маскве ўзарвалася машына супрацоўніка НДІ «Растэха», які вырабляе лазерныя ўстаноўкі для вайскоўцаў

1.12.2025 / 13:49

Nashaniva.com

Раніцай у панядзелак у Новай Маскве ўзарвалася машына Land Cruiser 200 Prado. Аўтамабіль належаў вучонаму з НДІ «Полюс» імя Стэльмаха. Гэты інстытут вырабляе ў тым ліку лазернае абсталяванне для расійскай арміі, піша «Агентство». 

Выбух прагрымеў у 9:43 раніцы ў двары дома па вуліцы Радужнай у Новай Маскве (горад Маскоўскі). Аўтамабіль паспеў цалкам выгараць, хаця пажарныя яго патушылі. Унутры нікога не было, і інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

Паводле звестак Telegram-канала «112», аўтамабіль належыць 41‑гадоваму доктару фізіка-матэматычных навук і спецыялісту ў галіне квантавай электронікі, які працуе ў НДІ «Полюс» імя Стэльмаха.

«Маскоўскі камсамолец» піша, што перад выбухам уладальнік аўтамабіля з'ехаў у камандзіроўку ў Паўднёва-Усходнюю Азію.

Telegram-канал «112» называе прычынай выбуху дыстанцыйны прагрэў рухавіка.

НДІ «Полюс» імя Стэльмаха ўваходзіць у холдынг «Швабе» дзяржкарпарацыі «Растэх». Інстытут займаецца лазернымі тэхналогіямі і квантавай электронікай, у тым ліку абароннымі тэхналогіямі, і ўдзельнічае ў форуме «Армія» Мінабароны.

Сярод распрацовак НДІ — лазерны цэлеўказальнік-дальнамер ЛЦД-4-1, які выкарыстоўваецца для выведкі наземных цэляў і забеспячэння стральбы артылерыі і авіяцыі.

Інстытут унесены ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕС з-за ўварвання Расіі ва Украіну.

З пачатку вайны Украіна правяла некалькі паспяховых замахаў на расійскіх высокапастаўленых вайскоўцаў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула