БЕЛ Ł РУС

Фінальны тэкст мірнага пагаднення па Украіне яшчэ не ўзгоднены

1.12.2025 / 10:33

Nashaniva.com

На ўчорашніх перамовах украінскай і амерыканскай дэлегацый у Фларыдзе пакуль не ўдалося канчаткова ўзгадніць праект мірнага пагаднення. У прыватнасці, актыўна абмяркоўваліся пытанні тэрыторый, закраналася таксама тэма членства Украіны ў NATO. Пра гэта РБК-Украіна распавяла інфармаваная крыніца.

На перамовах у Фларыдзе. Фота: тэлеграм-канал Рустэма Умерава

«Перамовы сфакусаваныя ўжо не столькі на рамцы, якая была ўзгоднена ў Жэневе, колькі на праблемных пытаннях, што засталіся. То-бок мы не кажам пра тое, што ў нас цяпер ёсць стопрацэнтнае разуменне фінальнага тэксту, але гэта быў яшчэ адзін крок наперад», — распавёў суразмоўца.

Паводле яго слоў, амерыканскі бок разумее сваю галоўную задачу, якая заключаецца не ў тым, каб у чымсьці пераканаць Украіну. «Яны разумеюць, што ёсць другая бок, і да якога б агульнага назоўніка яны ні прыйшлі з Украінай, застаецца расійскі бок, з якім ім яшчэ працаваць. І яны разумеюць, што там складаней», — сказала крыніца.

Таксама, паводле яго слоў, шмат увагі падчас размоў удзялялася пытанню тэрыторый. Пры гэтым амерыканцы, якія разглядаюць сябе як медыятараў у працэсе, даносяць да Украіны пазіцыю РФ, якая патрабуе поўнага выхаду ўкраінскіх сіл з Данбаса.

Затое ўкраінскі бок, паводле слоў крыніцы, на сустрэчы аргументаваў, чаму такі падыход не з’яўляецца магчымым: у сілу канстытуцыйных абмежаванняў, меркавання ўкраінскага грамадства, а таксама неадпаведнасці рэальнай сітуацыі. Таму пазіцыя Украіны застаецца нязменнай: дыскусія па тэрыторыях павінна пачынацца з цяперашняй лініі судакранання.

«Працэс пошуку патэнцыйных рашэнняў працягваецца, але гэта, вядома, вельмі складанае пытанне», — дадаў суразмоўца.

Таксама Украіна данесла амерыканцам сваю пазіцыю і адносна членства ў NATO. У прыватнасці, украінская дэлегацыя казала пра тое, што курс на членства ў Альянсе замацаваны ў Канстытуцыі, і яго змяненне дзеля заключэння мірнага пагаднення з’яўляецца дрэнным прэцэдэнтам. Іншы агучаны аргумент — немагчымасць прадастаўлення права вета на членства любой краіне ў NATO.

«Гатоўнасць слухаць нашы аргументы з боку амерыканцаў прысутнічае. Іншая справа, што яны пастаянна кажуць: добра, вы можаце быць на 100% правыя, але ёсць іншы бок, і ён патрабуе во гэтага і гэтага. Мы як медыятар павінны забяспечыць тое, каб вы прыйшлі да мірнага пагаднення. Вы можаце колькі заўгодна лагічна тлумачыць сваю пазіцыю, але калі іншы бок кажа «не» — дык што мы зробім?» — сказаў суразмоўца выдання.

Чытайце таксама:

Дэлегацыі Украіны і ЗША сустрэліся ў Фларыдзе. Стала вядома, якія пытанні абмяркоўваюць

Дзяржсакратар ЗША пракаментаваў вынікі перамоў у Фларыдзе

Не вырашылі важных пытанняў: падрабязнасці перамоваў ЗША і Украіны ў Маямі

Украіна настойвае на асабістай сустрэчы Зяленскага і Трампа

Каментары да артыкула