У старажытным касцёле ў Дзятлаве зноў загучаў векавы арган
У барочным касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пасля дзесяцігоддзя маўчання аргана, створанага больш за стагоддзе таму віленскім майстрам, ізноў разліліся ў прасторы яго глыбокія, велічныя акорды.
Арган у Дзятлаве пасля рэстаўрацыі. Фота з сацсетак
Пра вяртанне да жыцця аргана ў мясцовым касцёле пасля працяглай рэстаўрацыі піша фэйсбук-суполка «Каталікі Беларусі».
Арган у касцёле, пабудаваным яшчэ ў 1646 годзе па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі, быў створаны ў 1911 годзе віленскім майстрам Вацлавам Бярнацкім.
Музычны інструмент, якому ўжо больш за стагоддзе, вылучаецца ўнікальнай для Беларусі канструкцыяй рэгістравай трактуры — пнеўматычнай шляйфладай з узмацняльнікамі Баркера.
Гэта рэдкая гістарычная сістэма, калі вялікія мембраны пры дапамозе паветра ўключаюць і выключаюць рэгістры (тэмбры), — гэта зусім не характэрна для арганаў Бярнацкага і не мае аналагаў у краіне.
Трубы галоўных рэгістраў размешчаны на праспекце — фасаднай частцы інструмента, якую бачаць людзі з ніжняга ўзроўню храма. Сам праспект быў створаны разам з інструментам і з’яўляецца стандартнай мадэллю №28 фірмы August Laukhuff у стылі ракако, якая ідэальна ўпісалася ў інтэр’ер касцёла — настолькі ўдала, што арган калісьці памылкова датавалі XVIII стагоддзем.
Першым за клавішы абноўленага аргана сеў майстар-арганіст Юрый Габрусь. Запіс гучання апублікавала парафія разам з раённай газетай.
Нядаўна новы арган з’явіўся яшчэ ў адным каталіцкім храме — касцёле Святога Валянціна ў Смалявічах.
Чытайце таксама:
Найменшы ў самым маленькім касцёле: у Беларусі з'явіўся новы арган
У Кальварыйскім касцёле ў Мінску вісіць укрыжаванне Хрыста, якое належала вялікаму князю Ягайлу?